Выстава „Наша Памяць” у Рыгораўцах



Выстава „Наша Памяць” і фільм “Сярожа” Юрыя Каліны сабралі  поўную залу невялікай вясковай святліцы ў вёсцы Рыгораўцы, што ў Арлянскай гміне.

Гэта чарговая сустрэча ў Рыгораўцах, прысвечаная рэгіянальнай гісторыі. Гэтым разам была яна прымеркавана да трагічных падзеяў студзеня – лютага 1946 года. ”Калі народ траціць сваю памяць, ён не мае ніякай будучыні“, – лічыць прафесар Алег Латышонак – старшыня Беларускага гістарычнага Таварыства і адзін з ініцыятараў праекту “Наша Памяць”:

– Ёсць розныя палітыкі, кожны кідае іншым сваю памяць. Нам таксама хочуць навязаць іншую памяць, не тую, якую мы ведаем. Наша памяць вырашае і тое, што з намі будзе.

Леон Павлючук:

– Гэтыя гістарычныя спатканні актывізуюць жыццё вёскі, як мага больш буду іх падтрыліваць і развіваць.

У сувязі з 74-й гадавінай забойства звыш 80 цывільных жыхароў і спалення 5 вёсак, на Беласточчыне праходзіць  шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай падзеі. Учора ў манастыры ў Залешанах прайшла ўрачыстая багаслужба і паніхіда па бязьвінна загінулых у Залешанах. Традыцыйна 29 студзеня ў Залешанах пройдзе малітва ля Пакутнага Крыжа ў вёсцы. 30 студзеня загінулых  будуць успамінаць у царкве ў Вульцы Выганоўскай. 31 студзеня ў гадавіну забойства  вазакоў  пройдзе ўрачыстая літургія ў гонар Падляшскіх Мучаннікаў у Бельску-Падляшскім. На 2 лютага запланаванае паломніцтва ў царкву ў Бранск,  затым у вёскі Шпакі і Зане.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя