Ігар Логвінаў: Улада адкрыта змаецца з тымі, хто думае інакш чым яна
Вярхоўны суд 30 студзеня адмовіў у задавальненні скаргі выдаўца Ігара Логвінава на рашэнне Міністэрства інфармацыі аб адмове ў выдачы прыватнаму выдавецкаму ўнітарнаму прадпрыемству „Логвінаў” ліцэнзіі на распаўсюджванне друкаванай прадукцыі.
Гаворыць кнігавыдавец Ігар Логвінаў:
– На маю думку, ідзе адкрытая барацьба чыноўнікаў, улады з прадпрымальнікамі, асабліва з такімі як я, якія думаюць і дзейнічаюць па-іншаму, ня так, як яны лічаць павінна быць. Думаю, што ўрэшце-рэшт гэта прывядзе да поўнай дэградацыі кніжнага рынку ў Беларусі.
Абскарджваць сённяшняе рашэнне Ігар Логвінаў не плануе, бо не бачыць ні магчымасці, ні сэнсу. 10 лютага ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца скарга прадпрымальніка на рашэнне Менскага эканамічнага суду аб спагнанні амаль мільярда рублёў штрафу за дзейнасць без рэгістрацыі распаўсюдніка кніг. Тым часам ідзе збор дабрачынных сродкаў на пакрыццё штрафу. Ігар Логвінаў сказаў, што ўжо сабрана каля 5 тысяч даляраў, і падзякаваў за падтрымку ўсім, хто ахвяраваў кнігарні свае грошы.
Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.