Пасол ФРГ: Антысемітызм з’яўляецца пагрозай для ўсёй дэмакратыі
Антысемітызм не толькі накіраваны супраць яўрэяў, але таксама з’яўляецца выражэннем глыбокага антыдэмакратычнага светапогляду, а такім чынам, пагрозай для ўсёй дэмакратыі. Такое меркаванне выказаў пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр 27 студзеня ў Менску на форуме „Праблемы талерантнасці ў сучасных грамадствах”, прымеркаваным да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту.
„Сёння мы ўспамінаем аб вызваленні Асвенцыма 75 гадоў таму, — сказаў дыпламат. — Асвенцым сімвалізуе Халакост — разлом цывілізацыі, масавыя забойствы мільёнаў яўрэяў Еўропы. Асвенцым таксама з’яўляецца сімвалам невымерных пакут, якія нямецкія нацыянал-сацыялісты прычынілі палякам, сінці і рома, савецкім ваеннапалонным і людзям з многіх іншых еўрапейскіх краін”.
„Існуе шмат месцаў масавага знішчэння людзей у Беларусі, якая асабліва пацярпела ад нацыянал-сацыялісцкага тэрору. Мінскае гета і Малы Трасцянец, якія з’яўляюцца самымі буйнымі лагерамі нацыянал-сацыялістаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, былі такімі месцамі жаху”, — адзначыў пасол.
Паводле слоў кіраўніка дыпмісіі ФРГ, дзякуючы сумеснай працы беларусаў і немцаў па прымірэнні гэтыя месцы памяці ўвайшлі ў еўрапейскую гістарычную свядомасць. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрываюць нешматлікія жывыя відавочцы тых падзей, якія „даюць іншым людзям уяўленне аб самых цёмных старонках свайго жыцця, нават калі гэта часта выклікае балючыя ўспаміны”.
„Тое, што людзі перажылі ў выніку голаду, хвароб, прымусовай працы і жорсткіх забойстваў у газавых камерах і масавых расстрэлаў, цяжка выказаць словамі, — заявіў Хутэрэр. — Мы, немцы, адчуваем глыбокі сорам перад абліччам злачынстваў, учыненых тут немцамі, злачынстваў, якія выходзяць за рамкі разумення. Памятаць аб злачынствах, называць вінаватых і захоўваць годную памяць пра ахвяр — вечная адказнасць, яна не падлягае абмеркаванню, яна неад’емная ад нашай краіны. Усведамленне гэтай адказнасці з’яўляецца неад’емнай часткай нашага разумення сябе як асвечанага грамадства дэмакратыі і прававой дзяржавы”.
„На жаль, мы жывем у такі час, калі ёсць небяспека адраджэння ідэалогій, якія лічыліся памерлымі. Мала хто з нас, у тым ліку і я, мог сабе ўявіць, што ў Германіі яўрэі будуць зноў зведваць ганенні, будуць абражаць яўрэяў з кіпой на галаве на вуліцы, аднакласнікі будуць дражніць яўрэйскіх дзяцей. Такія падзеі адбываюцца ў маёй краіне, ва ўсіх частках Германіі”, — адзначыў пасол ФРГ.
Паводле яго слоў, рост антысемітызму ў Германіі і іншых краінах уяўляе пагрозу для дэмакратыі і грамадстваў, заснаваных на прынцыпе плюралізму. Барацьба з антысемітызмам з’яўляецца „абаронай асноўных каштоўнасцяў грамадства”. Дыпламат падкрэсліў, што „абарона жыццяў яўрэяў і настойлівая барацьба з антысемітызмам у Германіі сёння з’яўляецца прыярытэтам федэральнага ўрада”.
„Падчас наступнага старшынства Германіі ў Савеце ЕС мы хочам умацаваць еўрапейскае супрацоўніцтва ў барацьбе з антысемітызмам. У сакавіку гэтага года Германія прыме на адзін год старшынства ў міжнародным альянсе памяці ахвяр Халакосту. Пры гэтым асноўная ўвага будзе нададзена таму, як мы можам супрацьстаяць усё большай нянавісці , скажэнню фактаў гісторыі і непаважлівага стаўлення да Халакосту сярод грамадскасці”, — сказаў Хутэрэр.
Фота minsknews.by