Пра складаны выбар адзінага



Схема выбараў прэзідэнта ў ЗША – гэта кветачкі ў параўнанні з працэдурай абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі ў Беларусі. Падумаеш, у ЗША існуе сістэма непрамых выбараў, калі за прэзідэнта галасуе калегія выбаршчыкаў, якую перад гэтым абірае народ. Вось абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі ў Беларусі для ўдзелу ў будучых прэзідэнцкіх выбарах – гэта тая яшчэ задачка. Выйграе той, хто атрымае найбольшую колькасць балаў. Аднак балы налічваюцца не проста. Каб разабрацца ў гэтым, трэба не адзін універсітэт скончыць.

На ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у кандыдаты ў прэзідэнты маецца 100 балаў. Першапачаткова па два балы атрымлівае кожная партыя. Астатнія балы будуць разыгрывацца паэтапна. 30 балаў выдзяляецца на інтэрнэт-галасаванне, 30 на паездкі па рэгіёнах. І апошнія 30 балаў разыгрываюцца падчас кангрэсу дэмакратычных сілаў. Кожная партыя можа адправіць на кангрэс па 100 прадстаўнікоў. Кожны асацыяваны сябра – па 25. Не спрабуйце патлумачыць гэтую схему абрання адзінага звычайнаму выбарцу. Як той казаў, biez butelki klopot wielki. І ўвогуле, наколькі такая схема зможа сапраўды выявіць сапраўднага адзінага кандыдата, які мусіць быць лідарам апазіцыі на бліжэйшых выбарах.

Уся гэтая складаная схема абрання адзінага нагадвае гісторыю з жыцця адных знаёмых мне вяскоўцаў. Тыя ў свой час атрымалі ад калгаса зерне. Яны тое зерне прадалі, набылі за атрыманыя грошы насенне, штосьці пасадзілі, цэлы сезон вырошчвалі, потым збіралі, потым прадавалі, а потым атрыманыя грошы прапілі. Галоўнае – не вынік, а працэс.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ