На Пастаўшчыне ўшанавалі памяць паэта Люцыяна Шчаснага



Глыбоцкія журналісты ўшанавалі памяць паэта з Пастаўшчыны Люцыяна Шчаснага. Ён пакінуў гэты свет год таму на 78-ым годзе жыцця. Глыбачане разам з сынам паэта наведалі могілкі ў вёсцы Хрыстова, усклалі кветкі, запалілі знічы і памаліліся.

Як кажа сын Люцыяна Сяргей Шчасны, год без бацькі быў вельмі цяжкі. Тым больш пасля бацькі ў той жа год праз некалькі месяцаў памерла і маці. Ён шмат разважаў, часта наведваў могілкі і проста жыў у цішыні, а пасля сам паступова пачаў пісаць вершы:

– Адразу абсалютны адчай быў, а цяпер уляглося, з цягам часу чалавек прызвычайваецца. Бывала прыходзіш у нядзелю, памолішся, пасядзіш, паразважаеш. Я вершыкаў некалькі напісаў, усё ж такі рэшткі дару ў мяне перадаліся ад бацькі.

Люцыян Шчасны быў прыхільнікам беларушчыны. У яго выйшла пяць вершаваных зборнікаў, сярод якіх найбольш папулярныя “Споведзь душы”, “Рэквіем па Хрыстове” і “Голас з рэзервацыі” . У іх паэт адлюстраваў сапраўдную рэчаіснасць жыцця вёскі, апісаў штодзённыя клопаты і перажыванні яе жыхароў, а таксама паразважаў над філасофіяй жыцця. У асноўным лірыка яго песімістычная, але разам з тым у вершах прысутнічае гумар і іронія.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя