„Экадом” адмовіўся праводзіць грамадскую экалагічную экспертызу



Эксперты грамадскага аб’яднання «Экадом» не будуць праводзіць грамадскую экалагічную экспертызу праектнай дакументацыі акумулятарнага завода пад Берасцем. Паведамленне пра гэта размешчана 28 студзеня на сайце арганізацыі.

У ім гаворыцца, што адпаведны ліст «Экадом» накіраваў ініцыятару грамадскай экалагічнай экспертызы (ГЭЭ) Яўгену Скрабутану, які звярнуўся да абʼяднання з нагоды правядзення гэтай экспертызы, а таксама ТАА «АйПаўэр».

У паведамленні прыводзіцца каментар юрыста «Экадома» Сяргея Магонава. У ім Магонаў адзначае, што эксперты арганізацыі пачалі папярэдняе вывучэнне праектнай дакументацыі завода пасля атрымання яе 21 студзеня Скрабутаном, каб даць адказ: ці правядзе «Экадом» ГЭЭ і хто менавіта будзе яе праводзіць, калі гэта магчыма.

Паводле слоў юрыста, пасля азнаямлення з гэтымі матэрыяламі эксперты прыйшлі да высновы, што правядзенне ГЭЭ немагчымае.

«Адзін з асноўных дакументаў – справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (АУНА) – уяўляе сабой абсалютна недарэчны дакумент», – заявіў Магонаў, аргументуючы гэта канкрэтнымі фактамі.

«Альбо ў справаздачу ўносіліся змены пасля зацвярджэння пратакола аб грамадскім абмеркаванні, альбо гэта справаздача не абмяркоўвалася з грамадскасцю», – адзначыў эксперт.

Таксама Магонаў звяртае ўвагу, што «ў справаздачы аб АУНА ідзе адсылка да праектнай дакументацыі, распрацаванай ТАА «Аграмашдэталь» , у той час як прадстаўленая на экспертызу праектная дакументацыя распрацавана ТАА «НВФ «Экалогія» і зацверджана ўжо 20 студзеня 2020 года» .

«Такім чынам, да істотнага павышэння якасці праведзенай ацэнкі і справаздачы аб АУНА ажыццяўленне экспертызы не ўяўляецца магчымым», – канстатуе юрыст «Экадома» .

Як паведаміў БелаПАН Яўген Скрабутан, які цяпер знаходзіцца не ў Берасці, ён верне атрыманую дакументацыю ТАА «АйПаўэр» .

Нагадаем, паведамленне аб правядзенні ГЭЭ было размешчана 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у прыватнасці кампаніі 1AK-Group, у якую ўваходзіць «АйПаўэр» . У паведамленні гаварылася, што заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы выступае кампанія «АйПаўэр» . Прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы зʼяўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

Заявы ад ініцыятараў грамадскай экалагічнай экспертызы прымаліся да 15 студзеня. Паступіла дзве заявы ад трох грамадзян. 21 студзеня праектная дакументацыя была перададзена аднаму з заяўнікаў Яўгену Скрабутану, двое іншых – Дзмітрый Бекалюк і Уладзімір Мароз – адмовіліся яе прымаць.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая 2019 года кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў» , а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамлялі, што прычынай адмоўнага заключэння стала прадстаўленне недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах» .

У верасні Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Брэсцкай крэпасці заявіў, што ён «на баку людзей» , якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. «Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод» , – падкрэсліў ён.

БелаПАН

Фота „Брэсцкай Газеты”