Уладзіслаў Ахроменка: Абсалютна вар’яцкі час
29 студзеня, Уладзіславу Ахроменку павінна было споўніцца 55 гадоў. Пра сябра згадвае наш радыйны калега Алесь Аркуш.
Нашае блізкае знаёмства, якое неўзабаве перарасло ў сяброўска-творчую супрацу, адбылося ў 2013 годзе. Уладзіслаў Ахроменка выйшаў на мяне з нечаканай прапановай: перафарматаваць (яго тэрмін) Таварыства Вольных Літаратараў і паспрабаваць паставіць яго на незалежныя камерцыйныя рэйкі. То бок, каб яно змагло самастойна эканамічна функцыянаваць.
Слава ў сваім жыцці ўсё рабіў грунтоўна. Калі за нешта браўся, то распрацоўваў дэталёвыя планы дзеяння і графікі выканання этапаў. Да тэвээлаўскай справы ён таксама падышоў сур’ёзна. Неўзабаве Слава даслаў мне адмысловую праграму для рэалізацыі з абгрунтаваннем кожнага этапу. Мне яна падалася фантазёрскай і нерэальнай ва ўмовах сённяшняй Беларусі. Але Слава быў упэўнены, што ўсё павінна атрымацца. Ён нават распрацаваў новы Статут ТВЛ. Праграма дзеяння прадугледжвала афіцыйную рэгістрацыю літаратурнай суполкі, што, на маю думку, было абсалютна невыканальным.
Затым Слава пачаў мне тлумачыць, як можна зарабляць у фармаце ТВЛ, а гэта не толькі выданне кніг, але і розная экзатычная для літаратараў дзейнасць, напрыклад, стварэнне сцэнароў для кампутарных гульняў і мультфільмаў (Слава тлумачыў, што ён ужо мае адмыслоўцаў, якія былі б адказныя за тэхнічны бок гэтай справы).
Слава быў па адукацыі музыкант, дакладней піяніст, ён скончыў Гомельскую музычную вучэльню імя Сакалоўскага і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. У 1977 годзе атрымаў 1-ю прэмію на нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў. Здавалася б, яму спрыяе музычная кар’ера, але Слава спыняе заняткі музыкай і цалкам аддаецца літаратуры.
Увогуле Слава любіў працаваць у камандзе, або прынамсі з кампаньёнам. Так ён, напрыклад, пісаў свае кнігі разам з сябрам, празаікам Максімам Клімковічам. Разам з Максімам рабіў адаптацыі літаратурных твораў беларускай класікі для тэатра. (Найбольш вядомая іх праца – тэатральная адаптацыя аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы”, якую Слава і Максім зрабілі для Купалаўскага тэатра). Былі ў яго кампаньёны і ў стварэнні мульфільмаў і нават кампутарных гульняў.
Адзінай справай, якую Слава зрабіў да канца пад шыльдай ТВЛ – гэта ўкладанне і выданне зборніка апавяданняў пра каханне “12 актаў” (яго аўтарамі выступілі 12 вядомых беларуcкіх пісьменнікаў, сярод якіх Уладзімір Някляеў, Юры Станкевіч, Людміла Рублеўская, Макс Шчур, Алена Брава і іншыя). Кніга выйшла ў электронным фармаце на рэсурсе kniharnia.by. Была заўважана чытачамі і крытыкамі, але не мела камерцыйнага поспеху.
А неўзабаве стала зразумела, што афіцыйна зарэгістраваць ТВЛ у нас зусім няма шанцаў.
І тады я прапанаваў Славу больш рэальную працу – радыёжурналістыку. І ён узяўся за яе з той самай працавітасцю і адказнасцю, як звыкся рабіць любую творчую справу. Слава стаў карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя па Украіне (бо з сям’ёй жыў у Чарнігаве). А калі ўлічыць, што ў гэты час пачаўся вайсковы расейска-украінскі канфлікт, то працаваць яму было вельмі няпроста. У самы крытычны момант канфлікту Слава аказаўся сярод першых валанцёраў, якія вазілі гуманітарную дапамогу ўкраінскім вайскоўцам у час антытэрарыстычнай аперацыі ў 2014 годзе. За што ў 2018-ым быў ўзнагароджаны медалём „За годнасць і патрыятызм”.
Але бадай самай сур’ёзнай справай, можна сказаць справай жыцця, стала для Славы праграма на Беларускім Радыё Рацыя “На ўліку КДБ”, у якой ён распавядаў праўду пра савецкую рэпрэсіўную машыну на матэрыялах з архіва ўкраінскага камітэта дзяржбяспекі, які ў той час стаў адкрытым для вольнага доступу. Для сваіх перадачаў ён імкнуўся адшукаць матэрыялы сугучныя для Беларусі – справы, у якіх фігуравалі беларусы, або пра падзеі, якія нейкім чынам датычыліся Беларусі.
На жаль, гэтая праграма так і не была належным чынам адзначана журналісцкай супольнасцю Беларусі.
Трагічная смерць 9 лістапада 2018 года пакінула няздзейсненымі дзясяткі спраў і планаў, якія Уладзіслаў Ахроменка рабіў апошнім часам. Ён пісаў два раманы (адзін разам з Максімам Клімковічам), працаваў над п’есамі для тэатра, рабіў сваю перадачу “На ўліку КДБ”, працаваў над сцэнарамі для мульфільмаў (некалькі фільмаў было ўжо зроблена) і шмат чаго іншага. За пару тыдняў да сваёй смерці ён напісаў мне на мэсэнджэр: “Абсалютна вар’яцкі час: архівы КГБ (разбіраю беларускую інтэлігенцыю, якая стучала), раман „Нясвіжская крыза” і ў „Анімалпе” (праект мультыплікацыі. – А.А.) я, акрамя сцэнарыста і крэатыўнага прадусара, яшчэ і рэжысёр. Ведаеш, усім за свае 53 гады быў: пісьменнікам, сцэнарыстам, замкамузвода ў дабрабаце на Усходзе, выкладчыкам музычнай школы, канцартмайстарам і драматургам. Нічога, пабуду і рэжысёрам”.
Уся гэтая дзейнасць Уладзіслава Ахроменкі патрабуе руплівага вывучэння і захавання. Спадзяюся, у нас атрымаецца належным чынам ацаніць ягоную творчую спадчыну.
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя