У Полацку – яшчэ два штрафы “за незалежнасць”



Судовыя пастановы пра штрафы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах атрымалі Святлана Аглушэвіч і Вячаслаў Парчынскі. Абодвух  выклікалі ў суд Полацка і Полацкага раёна 24-га студзеня, але абодва адмовіліся ўдзельнічаць у працэсах.

Святлана Аглушэвіч не лічыць сябе вінаватай:

– Навошта хадзіць, калі не лічыш сябе вінаватай? Я ўвогуле лічу, што нас няма за што судзіць! Кожны чалавек можа выказацца – мы маем права на выказванне сваіх меркаванняў. Мы нікога не абразілі, не прынізілі, не да чаго не заклікалі. Штрафы даюць – за што?

Суддзя Віктар Баліка аштрафаваў Святлану Аглушэвіч на 8 базавых велічынь (216 рублёў). Вячаслава Парчынскага на 10 базавых велічынь (270 рублёў) аштрафаваў суддзя Уладзімір Бясецкі. Абодвух пакаралі за тое, што 4-га студзеня яны сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору ў Полацку, трымаючы  па адной літары  са слова “Незалежнасць”.

Гэтае слова склалі  з раздрукаваных літар яшчэ каля дзясятка чалавек.  Шасцёра з іх былі аштрафаваныя 24-га студзеня, астатніх працягвае шукаць міліцыя.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя