Ці рэальна ў Беларусі арганізаваць актыўны байкот?



Лідары некалькіх апазіцыйных партый дэмакратычнай скіраванасці дамовіліся пра фармат удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Прадстаўнікі БНФ, АГП, Руху “За свабоду”, БХД, партыі “Зялёных”, БСДП (Грамада) будуць працаваць над вылучэннем адзінага кандыдата. Адразу пасля абвяшчэння гэтага рашэння дэмакратычная кааліцыя трапіла пад шквал крытыкі. Трэба зазначыць, не заўжды аб’ектыўнай і канструктыўнай. У дадзены момант больш-менш уцямнай альтэрнатывы аб’яднанню дэмакратычных сілаў вакол адзінага кандыдата няма. На кампанію эфектыўнага агульнанацыянальнага байкоту, калі не ўспрымаць гэтую стратэгію як рытуальныя енкі па дэмакратыі з утульных канапаў, часу і рэсурсаў вобмаль. Розніца паміж усвядомленым байкотам і няўдзелам грамадзянаў у выбарах – такая ж як паміж ужываннем ежы і назіраннем за гэтым працэсам. Таксама няма вялікіх спадзяванняў і на альтэрнатыву “выбарчаму балагану” ў выглядзе “ўстаноўчага сходу”, як тое прапаноўвае філосаф Уладзімір Мацкевіч і яго прыхільнікі з кампаніі “Свежы вецер”. Нягледзячы на прываблівасць ідэі агульнаграмадскай дыскусіі, склікання ўстаноўчага сходу для “перафарматавання” беларускай рэспублікі, нешта слаба верыцца ў патэнцыял арганізатараў. Яны, можа быць, і хацелі б правесці сход на належным узроўні, але хто ж ім дазволіць? Рэалізацыя гэтай задумы магчымая толькі ў выпадку калапсу дзяржаўнай улады, сітуацыі поўнага безуладдзя, калі кіраўнічым структурам не будзе справы да ініцыятываў грамадзянскае супольнасці.

Разам з тым варта ўсведамляць, што прапанаваная апазіцыйным бамондам схема, паводле якой лідара будуць вызначаць па звышскладанай сістэме, яўны пралік. Да пачатку актыўнай фазы выбараў засталося ад сілы некалькі месяцаў. Ужо “ўчора ” для поспеху “адзінага кандыдата” трэба было вызначыцца з асобай, якая стала бы тварам кампаніі, а не цыкліцца на мудрагелістых працэдурах. Абраная методыка можа прывесці да таго, што на выхадзе, замест раскручанай і легітымнай асобы-лідара, які мог бы стаць сцягам пераменаў, апынецца шэры апаратчык. Акрамя гэтага, заяўка прадстаўнікоў некалькіх партый, якія не дамовіліся з іншымі важнымі гульцамі на апазіцыйным полі, выглядае ў вачах многіх назіральнікаў фальстартам. Асабліва калі ўлічыць, што адразу пасля агучвання навіны пра вылучэнне адзінага прагучалі каментары некалькіх вядомых апазіцыянераў, што яны пойдуць на выбары асобнымі калонамі. 

Стратэгія “адзінага кандыдата” магла бы быць паспяховай, калі б яе падтрымалі маральныя аўтарытэты і лідары меркаванняў, а не вузкае кола партыйных функцыянераў. Балазе ў Беларусі з такімі асобамі дэфіцыту няма. Аднак застаецца загадкай, чаму палітыкі не імкнуцца выкарыстоўваць патэнцыял грамадзянскай супольнасці і інтэлектуалаў. Яшчэ больш здзіўляе тое, што ў вачах арганізатараў працэсу абрання адзінага беларускае грамадства выглядае выключна як пасіўны аб’ект уздзеяння, якому дадзена права толькі падтрымліваць ініцыятывы палітыкаў. Што датычыць фармату “адзінага кандыдата”, то асноўная хіба не ў асобах (маем, што маем на 3-м дзесяцігоддзі аўтарытарызму) і не ў працэдурах, якія могуць аператыўна карэктавацца з улікам форс-мажорных абставінаў, а ў адсутнасці веры ў перамогу ў саміх ініцыятараў. Прынамсі, складваецца такое ўражанне, калі слухаеш шаблонныя выказванні ўдзельнікаў перамоўнага працэсу. З гэтага шэрагу хіба вылучаецца хрысціянскі дэмакрат Павел Севярынец, які дэманструе грамадству ўпэўненасць і самаахвярнасць. Што праўда, ягоная кандыдатура наўрад ці будзе вітацца ліберальнай часткай апазіцыі, якая дагэтуль ставіць палітыку ў віну нецярпімасць да меншасцяў і залішнюю рэлігійнасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ