Самалёт з гуманітарнай дапамогай вылецеў з Беларусі ў Кітай
Ваенна-транспартны самалёт Іл-76 МД з гуманітарнай дапамогай на борце вылецеў з аэрадрома Мачулішчы (Менская вобласць) у Кітай каля 16.00 29 студзеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Як паведамлялася раней, аб аказанні гуманітарнай дапамогі КНР у сувязі з успышкай каранавіруса 2019-nCoV распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. У Кітай будуць дастаўлены лекі, маскі, халаты, пальчаткі, сродкі дэзынфекцыі і інш.
«Палёт будзе праходзіць на працягу дваццаці гадзін з пасадкамі для дазапраўкі – у Новасібірску і Уладзівастоку. На борце больш за 20 тон гуманітарнага грузу. Самалёт ужо чакаюць у Пекіне», – прыводзіць прэс-служба словы намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА – начальніка авіяцыі генерал-маёра Аляксандра Карава.
Паводле дадзеных Дзяржаўнага камітэта КНР па пытаннях аховы здароўя на сённяшнюю раніцу, ад каранавіруса 2019-nCoV памерлі 132 чалавекі, 31 знаходзіцца ў цяжкім стане. Захворванне пацверджана ў 5.974 чалавек, 103 паправіліся. Яшчэ ў 9.239 – падазрэнне на заражэнне. Каля 60 тыс. чалавек праходзіць медыцынскае абследаванне.
Лукашэнка 29 студзеня накіраваў пасланне старшыні КНР Сі Цзіньпіну, у якім выказаў спачуванні сем’ям памерлых і пажадаў выздараўлення ўсім, хто захварэў. «Мы захапляемся мужнасцю кітайскага народа і высокай эфектыўнасцю дзеянняў кіраўніцтва КНР у барацьбе з гэтым новым, не вядомым раней небяспечным захворваннем», – гаворыцца ў пасланні.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што «з пачуццём салідарнасці і сяброўскай падтрымкі» беларускім бокам прынята рашэнне накіраваць у Кітай гуманітарны груз са сродкамі індывідуальнай абароны і такімі запатрабаванымі сёння медыкаментамі.
«Няхай гэтая дапамога, якая ідзе ад чыстага сэрца ўсіх беларусаў, дазволіць дружалюбнаму кітайскаму народу справіцца з выпрабаваннямі, што выпалі на яго долю. Мы гатовыя і далей вас падтрымліваць у пераадоленні гэтых часовых цяжкасцяў. Толькі скажы, што яшчэ мы маглі б зрабіць для вас. Беларусь заўсёды будзе надзейным і адданым сябрам Вялікага Кітая!» – падкрэсліў Лукашэнка.
Фота: БелТА