Каранавірус набірае моц?



Колькасць загінулых у Кітаі ад каранавіруса 2019-nCoV вырасла да 132 чалавек.

Дзяржаўны камітэт КНР па пытаннях аховы здароўя паведамляе аб 5974 пацверджаных выпадках захворвання, 31 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. У больш чым дзевяці тысяч чалавек – падазрэнне на захворванне. Адсочана больш за 65,5 тысяч тых, хто кантактаваў з хворымі, большасць з іх знаходзяцца пад назіраннем.

У беларускага дальнабойшчыка дыягназ не пацвердзіўся

Тым часам у пасёлку Прывольным пад Менскам пазаўчора быў шпіталізаваны дальнабойшчык адной з лагістычных кампаній з падазрэннем на каранавірус. Кіроўца нядаўна вярнуўся з Кітая, ён быў у Маньчжурыі (гэта частка краіны, якая прылягае да расейска-кітайскай граніцы). У яго паднялася тэмпература і калегі выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі прыехалі ў спецкасцюмах, а пацыента змясцілі ў спецыяльны ізаляцыйны бокс, у якім і перавозілі.

11 студзеня мужчына выехаў з Маньчжурыі, далей ехаў толькі па тэрыторыі Расеі. Дзень таму ў яго паднялася тэмпература да 37,1 градусаў і пагоршылася самаадчуванне. Ён быў шпіталізаваны. Зараз тэмпература ў норме, пацыент знаходзіцца ў спецыяльным боксе ў лякарні. Каранавірус у яго не пацвердзіўся, – паведаміла прэс-сакратар міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Якія сімптомы і чым лячыць?

Каранавірус не мае спецыфічных сімптомаў. Як расказаў прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук Ігар Карпаў, асаблівай клінічнай карціны не назіраецца: у хворага можа паднімацца тэмпература, але інфекцыя можа працякаць і без яе. Пры гэтым пацыент скардзіцца на боль у горле, насмарк, кашаль, магчымы кан’юнктывіт (запаленне слізістай абалонкі вока), дыярэйныя ўскладненні. Няма і спецыфічнага лячэння ад гэтай інфекцыі. Рэкамендуецца зняць хвораму інтаксікацыю, аказаць рэспіраторную падтрымку, праводзіць гарачкапаніжальную і абязбольвальную тэрапію.

Заразіцца новым вірусам не так проста, як скажам, грыпам. Ён валодае невысокай кантагіёзнасцю. Захварэць можна пасля доўгага кантакту з хворым (падчас сумеснага пражывання) ці яго догляду (медыцынскаму персаналу). У групе рызыкі людзі, старэйшыя за 60 гадоў, якія маюць шэраг цяжкіх спадарожных захворванняў. Пры гэтым адным з ускладненняў з’яўляецца вірусная пнеўманія. Яна адрозніваецца ад больш звыклай нам бактэрыяльнай.

– Вірусная пнеўманія заўсёды мае лятальнасць, – тлумачыць Ігар Карпаў. – Вірусная інфекцыя, выкліканая 2019-nCoV, робіць шмат шуму не столькі з-за ўскладненняў, колькі ад таго, што вірус выйшаў у чалавечую папуляцыю нядаўна. Любое новае захворванне выклікае трывогу і мае патрэбу ў назіранні.

Меры перасцярогі ў Беларусі

Як заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, у Беларусі пакуль выпадкаў заражэння каранавірусам няма. Пры гэтым у краіне праводзяцца ўсе магчымыя супрацьвірусныя мерапрыемствы. У прыватнасці, меры перасцярогі ўзмоцнены ў аэрапорце Менск. Прадстаўнікі медыцынскай службы будуць падымацца на борт кожнага самалёта, які прыляціць, і выяўляць пасажыраў з прыкметамі віруснай інфекцыі. Тыя, у сваю чаргу, будуць асобна праходзіць пагранічны і мытны кантроль, каб мінімізаваць колькасць кантактаў. У найбліжэйшыя дні ў аэрапорце будзе развернуты і лабараторны кантроль. У тых, хто пэўны час правёў у КНР, нягледзячы нават на каранцінныя мерапрыемствы на радзіме, пасля прылёту дадаткова возьмуць аналізы на каранавірус.

Лабараторную дыягностыку на наяўнасць новага вірусу ў Беларусі ўжо прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У пераважнай большасці з іх быў выяўлены вірус грыпу тыпаў А і В. Тым часам улады Кітая робяць усё магчымае, каб вірус не распаўсюджваўся за межы краіны. У прыватнасці, усіх ахвотных выехаць з КНР будуць змяшчаць у каранцін на 14 дзён, і толькі пасля гэтага яны атрымаюць дазвол на выезд. У тым ліку двухтыднёвы каранцін пройдуць і студэнты, якія павінны вярнуцца ў Беларусь з навагодніх канікул. Між іншым, у нас іх вучыцца каля чатырох тысяч (больш за ўсё ў БДУ – 1400, ёсць яны і ў іншых, у тым ліку рэгіянальных ВНУ).

Кітайскім студэнтам падоўжылі канікулы, будаўнікам «Вялікага каменю» – адпачынак

Міністэрства адукацыі Беларусі ў сваю чаргу рэкамендавала ВНУ, дзе навучаюцца студэнты з Кітая, падоўжыць зімнія канікулы на два тыдні. Але гэта тычыцца толькі тых, хто паехаў на канікулы на радзіму. Студэнты, якія засталіся на гэты час у Беларусі, пачнуць заняткі ў новым семестры па звычайным графіку – з 10 лютага.

Каля паўтысячы кітайцаў працуе ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Пераважная большасць з іх – будаўнікі. Каля 400 з іх з’ехалі на навагоднія канікулы ў Кітай. У 10 лічбах лютага плануецца іх вяртанне ў Беларусь. Як паведамілі ў індустрыяльным парку, у сувязі ў успышкай каранавіруса, некаторым супрацоўнікам падоўжаць адпачынак, і яны прыедуць у Беларусь пазней. Тыя, хто вернецца, два тыдні не будзе выходзіць са сваіх пакояў – гэта час інкубацыйнага перыяду каранавірусу. Сярод мер прафілактыкі і больш інтэнсіўная і частая ўборка і санітарная апрацоўка памяшканняў. На ўваходах паставяць цеплавізары, якія дазваляюць выяўляць людзей з павышанай тэмпературай.

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік днямі сустрэўся з паслом КНР у Беларусі, а таксама правёў нараду з Міністэрствам транспарту і камунікацый, мытным і пагранічным камітэтамі, службамі аэрапорта, прадстаўнікамі авіякампаніі «Белавія». Усе прапанаваныя эпідэміялагічныя мерапрыемствы знайшлі разуменне ва ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ўстаноў.

Вірус на піку ці толькі набірае моц?

Нягледзячы меры перасцярогі, каранавірус выйшаў за межы Кітая. Захворванні зафіксаваны ў Тайландзе (14), Тайвані і Ганконгу (па 8), Сінгапуры, Макаа і Японіі (па 7), у ЗША і Аўстраліі (па 5), Францыі, Германіі, Малайзіі і Паўднёвай Карэі (па 4), В’етнаме і Канадзе (па 2), Камбоджы, Непале, ААЭ і Шры-Ланцэ (па 1). Аб увядзенні жорсткіх мер аб’явіў Ганконг: там будуць закрыты чатыры пагранічныя пункты на зямлі, два – на вадзе, адменена паромная пераправа і спынены чыгуначныя шляхі зносін з астатнімі раёнамі Кітая. У Тыбеце ўлады заявілі аб закрыцці ўсіх славутых месцаў і ўвядзенні двухтыднёвага каранціну ў адносінаў да ўсіх прыезджых. Улады ЗША, Аўстраліі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі, Францыі выказалі намер вывезці сваіх грамадзян з правінцый Кітая, дзе распаўсюджваецца інфекцыя.

Кітайскія лекары ўпэўнены, што свайго піку вірус дасягне цягам бліжэйшых 10 дзён, пасля чаго сітуацыя стабілізуецца. З імі не згодныя вучоныя ва ўніверсітэце Ганконгу, якія мяркуюць што колькасць хворых у найбуйнейшых гарадах Кітая дасягне максімуму ў красавіку-маі.

zviazda.by