Пра кеды для бізнес-ледзі
“Прыгажосць – страшная сіла”, — гаварыла гераіня Фаіны Ранеўскай у фільме “Вясна”. На жаль, кіраўнічка гарадзенскай лабараторыі прыгажосці і стылю Кацярына Казакевіч – далёка не Фаіна Ранеўская. А амбіцый у яе нібыта ў пераможцы конкурсу “Місс свету”. Запомнілася Кацярына Казакевіч інтэрнэт-карыстальнікам не тым, што яе лабараторыя прыгажосці і стылю займаецца дабрачыннасцю і дапамагае хворым дзецям ці бадзяжным жывёлам. Ці яна стала пасланцам міру ААН. Кацярыну Казакевіч пачалі абмяркоўваць пасля таго, як заўважылі, што яна сістэматычна паркуецца з парушэннямі ПДР: на зялёнай зоне, на месцы для інвалідаў, на ходніках. Фотаздымкі аўтамабіля кіраўнічкі лабараторыі размясціў карыстальнік Антон. У адказ Кацярына Казакевіч запісала відэазварот. У сваім відэазвароце Кацярына Казакевіч літаральна заявіла наступнае: “Я стаўлю на месца для інвалідаў, але не таму, што ў мяне мазгоў мала, а таму, што мне машыну няма дзе паставіць”. Вось калі б яна напісала, што паркуецца на месцах для інвалідаў, паколькі мазгоў няма, то грамадства ёй бы даравала ўчынак.
Кіраўнічка лабараторыі прыгажосці таксама дадала, што сваю віну ўсведамляе, аднак ёй прасцей заплаціць штраф, чым ставіць аўто дзесьці каля аўтавакзала. Канешне, правілы дарожнага руху для кіраўнічкі лабараторыі стылю і прыгажосці – няпісаныя. Яна ж кіраўнік. Яна кіруе. Няхай іншыя смяротныя ПДР выконваюць: настаўнікі розныя ці будаўнікі. А ёй, відаць, на абцасах далёка ісці ад месца паркоўкі да работы. Хочацца пажадаць бізнес-ледзі набыць сабе кеды, тады і ад аўтавакзала можна прайсціся да месца працы, і правілы не давядзецца парушаць.