Не арганізавалі насельніцтва супраць нацыяналістаў…
У апошнія студзеньскія дні 1945 года ў Менску адбылася нарада кіраўнікоў савецкіх і партыйных органаў БССР. Абмяркоўвалася пытанне “нацыяналістычнага падполля” ў тагачаснай Берасцейскай і Пінскай вобласці. Сітуацыя выглядала сур’ёзна, бо з ліпеня 1944 года, калі Чырвоная Армія заняла Беларусь, на поўдні краіны “ворагі народа” актыўна перашкаджалі ўсталяванню новай улады.
Той жа Лаўрэнцій Берыя планаваў разабрацца з усілякай “контрай” у заходніх рэгіёнах БССР да канца 1944 года, а тут ужо наступіў сорак пяты, пераможны. Час вымагаў больш канкрэтных захадаў.
Між іншых на паседжанні сілавы блок прадстаўлялі: народны камісар унутраных спраў БССР Сяргей Бельчанка і ягоны намеснік Іларыён Івашчанка, народны камісар дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, начальнік Упраўлення ўнутраных войскаў НКУС па Беларускай акрузе Васіль Кісялёў, генерал-маёр Філіп Капуста.
Сяргей Бельчанка, Лаўрэнцій Цанава, Філіп Капуста, wikimedia.org.
Пра сітуацыю ў Дзівінскім раёне Берасцейскай вобласці даклаў першы сакратар раённага камітэта КП(б)Б Якаў Індзюкоў і намеснік загадчыка арганізацыйна-інструктарскага аддзела Кампартыі Беларускай ССР Аляксандр Пратазанаў. Абодва выступоўцы самі ўказалі на хібы і памылкі ў працы райкама партыі ў Дзівінскім раёне.
У ходзе абмеркавання зроблена выснова: “Вялікай памылкай Дзівінскага райкама КП(б)Б з’яўляецца тое, што райкам партыі не разгарнуў працу па выкрыцьцю фашысцкай ідэалогіі і варожай народу дзейнасці агентаў нямецкіх захопнікаў – украінска-нямецкіх нацыяналістаў, якія за апошні час праяўляюць актыўнасць, вядуць сваю падрыўную правакацыйную дзейнасць, тэрарызуюць насельніцтва, распаўсюджваюць улёткі, распускаюць правакацыйныя чуткі. Райкам КП(б)Б слаба тлумачыць насельніцтву, што украінска-нямецкія нацыяналісты з’яўляюцца саўдзельнікамі злачынстваў гітлераўцаў на беларускай і ўкраінскай зямлі, катамі беларускага і ўкраінскага народа, і памылкова мяркуе, што барацьба супраць украінска-нямецкіх нацыяналістычных банд з’яўляецца справай ваенных і адміністрацыйных органаў… Дзівінскі райкам КП(б)Б не падняў шырокія пласты насельніцтва на актыўную барацьбу за ліквідацыю нацыяналістычных банд, не выявіў настойлівасці, каб у кароткі тэрмін аздаравіць абстаноўку, каб насельніцтва бачыла цвёрдасць дзеянняў партыйных і савецкіх органаў у раёне…У палітычнай працы Дзівінскі райкам партыі крайне нездавальняюча выкарыстоўвае такія найвялікшыя гістарычныя дасягненні, як ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай Савецкай Беларускай дзяржаве, аднаўленне ў заходніх раёнах савецкіх парадкаў і законаў…”.
Здымак ілюстрацыйны – адзін з атрадаў Украінскай Паўстанцкай Арміі на Палессі, wikimedia.org.
Але ня толькі таварыш Індзюкоў атрымаў вымовы, дасталося і ягонаму непасрэднаму начальству. Менск наракаў і на Берасце, што абкам партыі, як і НКУС па Берасцейскай вобласці таксама кепска змагаюцца з антысавецкім падполлем.
Па выніку паседжання прынялі пастанову ЦК КП(б)Б у якой гаварылася, што неабходна ўсямернае ўмацаванне ідэйна-палітычнага ўплыву на беднякоў і сярэднюю частку вёскі, стварэнне і выхаванне шырокага беспартыйнага актыва вакол мясцовых Саветаў і партыйных арганізацый з сумленных і адданых савецкай уладзе рабочых, сялян і інтэлігенцыі. Уцягванне іх у актыўную практычную працу па правядзенні палітычных і гаспадарчых мерапрыемстваў і да барацьбы з варожымі антысавецкімі элементамі, якія дзейнічаюць у Берасцейскай і Пінскай вобласці.
Для ўзмацнення барацьбы ў Дзівін накіравалі намесніка наркама ўнутраных спраў БССР Іларыёна Івашчанку ды генерал-маёра Філіпа Капусту. Таксама пастанавілі, каб з лютага 1945 года, не меней чым два разы ў месяц, у кожным населеным пункце ладзіліся выступы прапагандыстаў. Асаблівая ўвага дакладу “Аб 27-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі” і кнізе Іосіфа Сталіна “Аб Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза”.
Вокладка той самай кнігі Сталіна, wikimedia.org.
Але ж галоўным было заданне Івашчанку арганізаваць вайсковую аперацыю: “У перыяд да 20 лютага 1945 года правесці аперацыю ў адпаведнасці з планам, зацверджаным народным камісарам ўнутраных спраў Саюза ССР таварышам Берыя, па ліквідацыі падпольных (контррэвалюцыйных), нацыяналістычных фарміраванняў і банд, выяўленню і затрыманню дэзерціраў і тых, хто ўхіляецца ад прызыву ў Чырвоную Армію…”. Таксама да 21 лютага Івашчанку паставілі задачу, каб паведаміў у Менск дадзеныя пра сем’і ўдзельнікаў антысавецкага падполля ў Берасцейскай і Пінскай вобласці. Самым непрыемным фактам для бальшавікоў было асэнсаванне таго, што падполле складаецца з мясцовых жыхароў і ім актыўна дапамагаюць іншыя вяскоўцы, гаражане.
Напрыканцы студзеня 1945 года Менск даў Берасцю і Пінску тэрмін да 1 красавіка, каб пачаць выпраўляць памылкі і абавязкова да гэтай даты зрабіць справаздачу па сітуацыі з антысавецкім супрацівам.
Беларускае Радыё Рацыя