Чаму прэсуюць дырэктараў прадпрыемстваў?



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў пракаментаваў гучную “цукровую справу”.

Па папярэдняй інфармацыі, па “цукровай справе” затрымана не менш за 11 чалавек – гэта дырэктары буйных беларускіх цукровых заводаў, а таксама кіраўніцтва Беларускай цукровай кампаніі.

Васіль Шлындзікаў: Такая ў нас дзяржава, што без арыштаў жыць не могуць. Як быццам вопытныя кіраўнікі прадпрыемстваў у агародзе растуць. Каб стаць дырэктарам завода, патрэбна гадамі вучыцца і працаваць, а адносіны да іх, як да непатрэбных людзей.

Наколькі мне вядома, зараз ужо ўзнік дэфіцыт кадраў у сельскагаспадарчых і заводскіх прадпрыемствах. Натуральна, знаходзяць нейкіх хлопцаў, якія газет не чытаюць і тэлебачанне не глядзяць. Затое затым іншыя глядзяць па тэлебачанні, як ужо на іх накідваюць кайданкі.

РР: Утрыманне пад вартай – неабходная мера?

Васіль Шлындзікаў: Не думаю. Нават, калі гэтыя людзі дапусцілі нейкія парушэнні ў працы, то які сэнс адпраўляць іх за краты? Адпраўце чалавека пад дамашні арышт і вядзіце следства, куды ён будзе ўцякаць? Гэта ж не крымінальнікі-забойцы, а сур’ёзныя дзелавыя людзі.

Неабходна заканчваць гэтую ганебную практыку – так распраўляцца з людзьмі, якія абвінавачваюцца па эканамічных злачынствах. Калі чалавек на самай справе парушыў закон, то падлічыце шкоду і выстаўце рахунак. Дайце магчымасць чалавеку памылкі выправіць і кампенсаваць страты. Не аплаціць – тады за краты.

РР: Спецаперацыя па вяртанні самалёта з Польшчы ў Беларусь, на якім ляцелі кіраўнікі цукровых заводаў, выглядала досыць эфектна.

Васіль Шлындзікаў: Зрабілі такую пастаноўку, што лепшыя тэатры адпачываюць! Як быццам на борце самалёта знаходзіліся шпіёны ці дыверсанты. Калі падлічыць, які ўрон быў нанесены авіякампаніі, то, можа быць, ён яшчэ большы, чым той, за які кіраўнікоў прадпрыемстваў кінулі за краты. У хуткім часе наагул увесь эканамічны колер нацыі будзе сядзець у турмах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацы