12 берасцейскіх артэфактаў



У Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выніковай выставы, праекта музейных выставаў «12 артэфактаў», прымеркаванага да 1000-годдзя горада. Мерапрыемства ўрачыста адкрыла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела згаданай установы Ніна Кірылава:

– А зараз, паважаныя госці, мы з вамі адправімся на нашую выставу. І я спадзяюся, што вы ўбачыце «нешта», таму што мы вельмі сур’ёзна рыхтаваліся. Вы ацэніце самі, калі ласка, хадзем са мной.

Цягам двух месяцаў наведвальнікі музея змогуць убачыць «12 артэфактаў», прысвечаных гісторыі горада, якія звычайна захоўваюцца ў ягоных фондах, то бок не даступныя шырокаму колу людзей. Усе прадметы адрозніваюцца часам свайго паходжання, прызначэннем, матэрыялам, з якога зробленыя, і «легендай». Сярод іх і арыгінальныя: грэбень з гарадзішча старажытнага Берасця ХІІІ стагоддзя з надрапаванымі першымі трынаццаццю літарамі кірылічнага алфавіту, ці, напрыклад, касцяная фігура шахматнага караля з той самай эпохі.

Беларускае Радыё Рацыя