Толькі траціна беларускіх жанчын хацела б мець дзяцей



Крыху больш за трэць беларускіх жанчын фертыльнага ўзросту хацелі б мець дзяцей, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследаванняў хатніх гаспадарак Белстата Іна Канашонак на прэзентацыі дадзеных абследавання хатніх гаспадарак 30 студзеня ў Менску.

Абследаванне для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі праводзілася ў 2019 годзе. У ім узялі ўдзел амаль 8.700 хатніх гаспадарак з усіх рэгіёнаў краіны. Было апытана больш за 5.500 жанчын ва ўзросце ад 15 да 49 гадоў, і каля 2.800 мужчын ад 15 да 59 гадоў. Акрамя таго, была сабраная інфармацыя аб 3.500 дзецях да 5 гадоў і аб 2.700 дзецях ад 5 да 17 гадоў.

Канашонак адзначыла, што вывучэнне рэпрадуктыўных планаў жанчын фертыльнага ўзросту ўяўляе вялікую цікавасць для вырашэння дэмаграфічных праблем у краіне. Падчас абследавання былі вывучаныя рэпрадуктыўныя намеры жанчын ад 15 да 49 гадоў, а таксама цяжарных на момант апытання. «Толькі 36% жанчын фертыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць дзіця, 50% аддалі б перавагу (больш) не мець дзяцей. Не могуць зацяжарыць 3% беларусак і 11% не вызначыліся ў сваіх намерах у будучыні», – паведаміла яна.

Сярод жанчын, якія хацелі б нарадзіць дзіця, больш за палову плануюць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў. Сярод замужніх жанчын, у якіх ужо ёсць адно дзіця, хочуць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў 77%.

Асноўная частка рэспандэнтак, якія плануюць нарадзіць дзяцей, знаходзіцца ва ўзроставай групе 15–29 гадоў. Тым не менш плануе нараджаць кожная пятая ва ўзросце 35–39 гадоў і 6% жанчын ва ўзросце 40–49 гадоў.

Падчас абследавання былі атрыманыя дадзеныя, якія тычацца дародавага і пасляродавага назірання за станам здароўя маці і дзіцяці ў краіне. Сярод жанчын ад 15 да 49 гадоў, якія нарадзілі дзіця на працягу двух папярэдніх абследаванню гадоў, падчас цяжарнасці ўсе як мінімум чатыры разы былі ў лекара. Пры гэтым толькі бясплатнымі медыцынскімі паслугамі карысталіся дзве траціны (68%) жанчын, толькі платнымі – 3% цяжарных, астатнія – і тымі, і іншымі.

Ва ўсіх жанчын роды праходзілі ў прысутнасці кваліфікаванага медперсаналу і амаль усе нараджалі ў медустановах. Амаль 60% маці з нованароджанымі знаходзяцца пад наглядам лекараў на працягу 3–6 дзён пасля родаў, каля 40% – 7 дзён і больш. Паводле дадзеных апытання, часцей за ўсё медыкі наведваюць маці і дзіця дома або праз адзін дзень пасля выпіскі з радзільні, альбо на трэція–шостыя суткі. У кожным дзясятым выпадку медработнік прыходзіў не раней, чым праз тыдзень.

Апошнія дадзеныя кажуць пра павелічэнне колькасці немаўлятаў, якія знаходзяцца на грудным гадаванні, падкрэсліла Канашонак. «Паводле дадзеных апытання 2019 года, толькі на грудным харчаванні знаходзіцца 22% дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў супраць 19% у 2012 годзе і 9% у 2005 годзе», – сказала спецыяліст.

Між тым, паводле звестак Белстата, у 2019 годзе ў Беларусі паводле папярэдніх дадзеных нарадзілася 87.851 дзіця, што на 6,6% (6.191 дзіця) менш, чым у папярэднім годзе. Колькасць памерлых у мінулым годзе склала 120.917 чалавек і ў параўнанні з 2018 годам павялічылася на 864 чалавекі (на 0,7%).

Шосты раўнд шматіндыкатарнага кластарнага абследавання хатніх гаспадарак для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі (МІКС-6) быў праведзены Белстатам у межах рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі пры фінансавай падтрымцы ЮНІСЕФ, Еўрапейскага саюза, Сусветнага банка, урада Расеі і Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці. МІКС з’яўляецца глабальнай ініцыятывай ЮНІСЕФ і ўяўляе сабой адну з самых буйных міжнародных праграм па абследаванні хатніх гаспадарак. Беларусь таксама ўдзельнічала ў трэцім (2005 год) і чацвёртым (2012) раўндах МІКС.

БелаПАН