Кнігі Алеся Пушкіна і Сяргея Скрабца ў “Беларускай турэмнай літаратуры”
Праваабарончая арганізацыя “Вясна” і Беларускі ПЭН-цэнтр прэзентавалі ў Менску чарговыя кнігі з выдавецкай серыі “Беларуская турэмная літаратура” аўтарства мастака Алеся Пушкіна і палітыка Сяргея Скрабца.
Гаворыць праваабаронца Алесь Бяляцкі:
– Альбом Алеся і ўспаміны Сяргея Скрабца выйшлі ў серыі “Бібліятэка турэмнай літаратуры”, якую запачаткаваў і выдае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Гэта ўжо не першыя кніжкі, і як паказвае нашае жыццё, верагодна, не апошнія. Сяргей Скрабец – палітык, бізнесмэн. Гэты шлях для яго быў вельмі няпросты. Ён ён быў дэпутатам Палаткі з 2000-га па 2004-ы год, калі ўжо, здавалася б, прыстойных людзей туды ўжо не бралі, ну, нейкім чынам яны туды прасачыліся.
Мастак Алесь Пушкін прыйшоў на прэзентацыю свайго “Турэмнага альбома” з афарбаванымі на чырвоны колер рукамі, каб падтрымаць перформанс Піліпа Шаўрова, які размаляваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Менску і цяпер знаходзіцца ў зняволенні.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск