Зіма і людзі…



Ці паспее зіма завітаць у Беларусь у лютым месяцы – пытанне спрэчнае! Бясспрэчна іншае: за душэўна-разумовы айчынны клімат адказныя самі людзі.

Возьмем сферу IT… Не раз здаралася, што тое ці іншае міністэрства або ведамства плаціла непрапарцыйна вялікія грошы за распрацоўку пэўнага інтэрнэт-сайта. Былі злоўленыя на гарачым неабыякавымі блогерамі, але нічога ад гэтага не змянялася – ну, паспрачаліся трохі ў фэйсбуку ды ўсё! Зусім іншая гісторыя здарылася ў братоў-славянаў… У Чэхіі.

Тут Міністэрства транспарту вырашыла аддаць адной IT-фірме без конкурсу 16 мільёнаў еўра за стварэнне “тэматычнага” сайта… Гэта сервіс па продажы электронных дазволаў на праезд па платных хуткасных магістралях. Добрая дзяржзамова – за такую варта пазмагацца праграмістам! Змагацца не прыйшлося – аддалі без конкурсу (за прыгожыя вочы?) Карайцей, іншым праграмістам гэта справа не спадабалася – і яны вырашылі талакой зрабіць аналагічны сайт бясплатна. Падарунак ураду!

Вырашылі даказаць, што кошт яўна падвышаны і грошы падаткаплацельшчыкаў расходуюцца зусім не рацыянальна. Больш за 300 чэшскіх праграмістаў адгукнуліся на такую прапанову ў сацыяльных сетках і зладзілі хакатон #Znamkamarada. 60 чалавек сабраліся ў прасторы аднаго офіса ў пятніцу і да вечара нядзелі зрабілі ўсю асноўную працу па стварэнні платформы. Іх нават наведаў прэм’ер-міністр Андрэй Бабіш, а міністр транспарту Уладзімір Крэмлік сышоў з пасады… Здараецца.

Добры і дрэнны піяр у наш час разлятаюцца імгненна, а чалавечы фактар і неабыякавасць да жыцця – тое, што заўжды дае дывідэнды… Давайце думаць на перспектыву?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ