Папярэджанне Крамлю



1 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа сустрэнецца з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Ацэнка гэтай падзеі з пункту гледжання Беларусі і ЗША не можа быць раўназначнай. Для амерыканскага чыноўніка такога калібру наведванне сталіцы Беларусі – гэта ўсяго толькі адзін з пунктаў ягонага турнэ па постсавецкіх краінах. А вось для Беларусі, без перабольшання, візіт Майка Пампеа – прарыў у знешняй палітыцы і шанец на паляпшэнне дачыненняў з дзяржавай №1 на планеце. Відавочна, афіцыйны Менск на фоне супрацьстаяння з Масквой спрабуе ўзмацніць свае пазіцыі за кошт наладжвання стасункаў з Вашынгтонам.

Майк Пампеа – чалавек з надзвычай цікавай біяграфіяй, пасля азнаямлення з якой большасць постсавецкіх кіраўнікоў могуць адчуць комплекс непаўнавартасці. У 1980-х гадах ён стаў выпускніком самай прэстыжнай вышэйшай вайсковай школы ў свеце – акадэміі Вэст-Пойнт. З камунізмам гэты чалавек размаўляе на “ты” ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, паколькі трыццаць гадоў таму патруляваў на танку Берлінскі мур у Заходнім Берліне. Не надта ён таксама шануе ісламістаў. У пачатку 1990-х браў удзел у вайне супраць Ірака ў Персідскім заліве. Па завяршэнні вайсковай кар’еры Майк Пампеа ў званні капітана стаў уласнікам некалькіх паспяховых бізнесаў, звязаных з авіябудаўніцтвам і энергетычнай сферай. Паралельна, у сярэдзіне 1990-х, абараніў доктарскую дысертацыю не дзе-небудзь, а ў самім Гарвардскім універсітэце. Цягам 2017-2018 гадоў ён узначальваў ЦРУ. Паводле паведамленняў СМІ, з’яўляецца пажыццёвым сябрам амерыканскай Нацыянальнай асацыяцыі стралкоў, практыкуючым вернікам і патрыётам ЗША. Словам, такі сабе персанаж з кансерватыўнымі поглядамі з фільмаў Клінта Іствуда, які не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі і не надта пераймаецца дыпламатычным этыкетам. Майк Пампеа прадстаўляе Рэспубліканскую партыю, у якой грае вядучыя ролі. Можна сказаць, без ягонага ўдзелу не абыходзяцца многія рашэнні цяперашняга прэзідэнта Дональда Трампа. Варта прыгадаць, што візіт Майка Пампеа ў Беларусь меўся адбыцца на месяц раней, каб не тэрміновая аперацыя па ліквідацыі іранскага генерала Касема Сулеймані ў Іраку, у якой ён прымаў непасрэдны ўдзел.

Асноўная задача місіі Майка Пампеа ў Беларусь дастаткова відавочная. На некалькіх прэс-канферэнцыях супрацоўнікі амерыканскага Дзярждэпартаменту выказваліся, што едуць у Менск, каб прадэманстраваць падтрымку дзяржаўнаму суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што прыкладна такая ж рыторыка гучала на адрас іншых дзяржаваў былога СССР, якія наведвае амерыканскі дзяржсакратар у гэтыя дні. Можна сказаць, паездка Майка Пампеа ёсць своеасаблівым папярэджаннем Крамлю пра тое, што ЗША могуць пачаць больш актыўна нарошчваць сваю прысутнасць у краінах, якія Масква традыцыйна адносіць да сферы свайго ўплыву. Адметна, што пракрамлёўскія палітычныя аглядальнікі ўспрымаюць факт сустрэчы Майка Пампеа з лідарамі былых краін СССР з вялікім незадавальненнем, калі не сказаць з шалам. І гэта заканамерна, бо падобныя кантакты з’яўляюцца кепскай навінай для ворагаў беларускай незалежнасці. Няма сумневу, што афіцыйны Менск падчас сустрэчы з Майкам Пампеа будзе дабівацца паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва ЗША ў Менску, што таксама з’яўляецца дадатковым фактарам бяспекі беларускай дзяржавы.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ