Мазырскі НПЗ гатовы да перапрацоўкі нафты з альтэрнатыўных крыніц
ААТ „Мазырскі НПЗ” гатова да перапрацоўкі нафты з альтэрнатыўных крыніц. Пра гэта паведаміў журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Віталь Паўлаў 31 студзеня ў час прэс-туру на завод.
Паводле слоў Віталя Паўлава, на розных гістарычных этапах развіцця завод перапрацоўваў розныя віды нафты. „Ёсць вопыт работы з азербайджанскай, іранскай, венесуэльскай нафтай”, – удакладніў ён.
„Цяпер завод забяспечаны неабходнай колькасцю сыравіны і сыравінных кампанентаў. Мы працуем у аптымальным тэхналагічным рэжыме. Выпускаецца поўны асартымент прадукцыі, якая адпавядае міжнародным стандартам якасці”, – падкрэсліў кіраўнік. Разам з тым прапрацоўваюцца варыянты паставак нафты з розных напрамкаў.
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1975 годзе, у ААТ пераўтвораны ў 1994-м. Асноўныя віды дзейнасці завода: перапрацоўка нафты, вытворчасць і рэалізацыя нафтапрадуктаў. Таварная прадукцыя Мазырскага НПЗ экспартуецца ў больш як 20 краін свету.