Кастуся Каліноўскага ўшануюць на яго Радзіме
Сайт „Хартыя-97” уручыў Нацыянальную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча. Адным з лаўрэатаў узнагароды стала ініцыятыва „Беларуская нацыянальная памяць” – за арганізацыю ўдзелу беларусаў у пахаванні Каліноўскага ды іншых паўстанцаў у Вільні.
2-га лютага, у дзень народзінаў Каліноўскага, ініцыятыва правядзе акцыю памяці ў Мастаўлянах:
– Прыязджайце, калі ў вас ёсць магчымасць, у вёску Мастаўляны, якая знаходзіцца побач з памежным пераходам Баброўнікі – 7 кіламетраў, гэта зусім побач, асабліва жыхарам Заходняй Беларусі. Мы будзем там а 12-й гадзіне, там ёсць помнік Кастусю Каліноўскаму, захавалася месца, дзе была іх сядзіба – кутны камень, частка дома. Таму хто хоча, далучайцеся.
Таксама Анатоль Міхнавец нагадвае, што менавіта сёння – 1 лютага, выпадае гадавіна адозвы Літоўскага правінцыйнага камітэту, якая азначала пачатак паўстання на землях Літвы і Беларусі:
– Важна ў гэты дзень ушанаваць памяць усіх, хто змагаўся. 2-га лютага дзень памяці Каліноўскага. У Менску, напрыклад, шыльда Каліноўскаму на вуліцы Каліноўскага. У Гародні каля вакзала ёсць драўляны памятны знак. У Свіслачы ёсць помнік. Таму ўсе гэты месцы, хто дзе можа, трэба ўшаноўваць.
Сябры Руху салідарнасці „Разам” ускадуць вянкі ў капліцы на Росах у Вільні, дзе пахаваныя Кастусь Каліноўскі і яшчэ 19 паўстанцаў 1863 года.
Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя