ЗША прызначаць амбасадара ў Беларусі



У бліжэйшы час Злучаныя Штаты Амерыкі прызначаць свайго амбасадара ў Беларусі. Пра гэта ў Менску на сустрэчы з кіраўніком Беларусі паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампея.

„Спадзяюся, што зможам далей развіваць нашы адносіны ў галіне iнвестыцый. А таксама стварыць магчымасці для таго, каб у Беларусі быў суверэнітэт і незалежнасць. У вас працяглая гісторыя з Расеяй. Але мы не гаворым пра выбар паміж намі і імі, мы гаворым аб дыпламатычных адносінах”, – заявіў дзяржсакратар ЗША, паведамляе БелаПАН.

Пампея выказаў занепакоенасць у пытанні захавання правоў чалавека ў Беларусі і заявіў, што ЗША „будуць працягваць прасоўваць рэформы для абароны правоў людзей”.

Амбасада ЗША ў Беларусі працуе без амбасадара з сакавіка 2008 года, нагадвае БелаПАН. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Па патрабаванні беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат амбасады быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.