Літаратурную „Ратушу” прэзентавалі ў Полацку



Літаратурны альманах “Ратуша”, які выдае віцебскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, прэзентавалі ў Полацку.

Імпрэза адбылася ў славутым полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

Кажа ўкладальніца альманаха і кіраўніца віцебскай абласной арганізацыі СБП Анастасія Лазебная:

– Гэта адзінае такога роду выданне Віцебскай вобласці, якое ўжо выйшла пяць разоў. Гэта наш пяты нумар. І з кожным нумарам у нас усё больш і больш аўтараў. У гэтым нумары – 50 аўтараў. Дзякуй і палачанам.

На імпрэзу прыехалі госці з Менску – музыка, празаік і журналіст Зміцер Бартосік і намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака:

– Прыезд у Полацак – гэта першы прыезд з альманахам. Тое месца, якое было абранае, – музей беларускага кнігадрукавання – гэта проста цудоўна. Таму што тут сімвалізм перабольшыць цяжка. Мне асабіста страшна прыемна быць у гэтых старадаўніх мурах. Зразумела, што гэта не канкуруе з публічнымі падзеямі, якія ў сучаснай медыйнай прасторы ёсць, але разам з тым нельга адмаўляць важнасць таго, што да калыскі беларускага кнігадрукавання, да гораду радзімы Скарыны даехаў віцебскі альманах – гэта класна, сівалічна і прыгожа.

На імпрэзе выступілі аўтары альманаха, сярод іх: Ірына Жарнасек, Людміла Сіманёнак, Міхась Мірановіч, Людміла Андзілеўка, Міхась Конан, Наталля Салаўёва, Ірына Грумандзь і іншыя.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара