Аўтамабільнае паліва даражэе ў Беларусі пяты раз з пачатку года
Канцэрн «Белнафтахім» абвясціў пра пятае ў 2020 годзе павышэнне цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях.
2 лютага цэны павялічацца на 1 капейку, паведамілі ў прэс-службе «Белнафтахіма».
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,69 рубля, АІ-95-К5-Еўра – 1,79 рубля, АІ-98-К5-Еўра – 2,01 руб., ДТ – 1,79 рубля.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018 і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада – праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 26 студзеня.
Старшыня «Белнафтахіма» Андрэй Рыбакоў лічыць, што ў гэтай сітуацыі абраная канцэрнам стратэгія паэтапнага змянення цэн на паліва застаецца аптымальным варыянтам.
«Мы бачым, што на сусветным рынку цэны на вуглевадародную сыравіну ўпэўнена растуць. Некаторыя эксперты мяркуюць, што цана на нафту можа перавысіць 80 долараў за барэль. Нагадаю, што для беларускіх НПЗ цана на нафту расце яшчэ і за кошт падатковага манеўру, і ў 2020 годзе яна ўжо будзе складаць (з улікам пошлін на нафтапрадукты) каля 83% ад сусветнай», – сказаў Рыбакоў парталу «Нафтахімія» у інтэрв’ю, апублікаваным 29 студзеня.
«Мы бачым, колькі каштуе паліва ў краінах з рынкавым цэнаўтварэннем на гэты тавар, таму пэўныя карэкціроўкі ўзроўню цэн спатрэбяцца», – дапоўніў ён.
Тым не менш, працягнуў Рыбакоў, «Белнафтахім» па-ранейшаму будзе зыходзіць з захавання балансу інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў паліва.