У Беларусь прыбыў міністр замежных спраў Літвы
У Беларусі з двухдзённым рабочым візітам знаходзіцца міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Візіт Лінкявічуса пачаўся 3 лютага з сімвалічнага мерапрыемства — сустрэчы з літоўскай дыяспарай і сумеснага наведвання кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Літвы Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання і Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання, паведаміла ў „Твітэры” беларускае МЗС.
МЗС Літвы, у сваю чаргу, паведамляе, што ў аграгарадку Рымдзюны (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) Лінкявічус таксама наведае літоўскі культурны цэнтр. Запланавана сустрэча Лінаса Лінкявічуса і яго беларускага калегі Уладзіміра Макея са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Бакі абмяркуюць пытанні адукацыі дзяцей літоўскай дыяспары на роднай мове і магчымасць мадэрнізацыі школы ў Рымдзюнах з дапамогай сродкаў ЕЗ.
У другой палове дня 3 лютага ў Менску плануецца сустрэча Лінкявічуса з прадстаўнікамі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі, паведамляе літоўскае МЗС.
4 лютага Лінкявічус і Макей правядуць перамовы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Мяркуецца абмеркаваць тэмы будаўніцтва Астравецкай АЭС, правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні. Па выніках сустрэчы плануюцца зносіны з журналістамі.
Візіт ажыццяўляецца па запрашэнні Уладзіміра Макея, удакладняе літоўскае МЗС.
Сам Лінкявічус 2 лютага напісаў у „Твітэры”: „З нецярпеннем чакаю візіту і важных сустрэч у Беларусі, успамінаючы нашага агульнага героя Кастуся Каліноўскага”. „Ідэалы свабоды і лозунга „За нашу свабоду і вашу” вельмі актуальныя і па сённяшні дзень”, — дадаў кіраўнік літоўскага МЗС.
У сярэдзіне студзеня балтыйскае інфармагенцтва BNS паведаміла, што падчас візіту ў Мінск Лінкявічус можа прапанаваць Беларусі альтэрнатыву імпарту нафты і газу. „Мы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь дыверсіфікавала крыніцы паставак энерганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстанне Клайпедскага порта і Літоўскіх чыгунак. Калі будзе цікавасць, то можна будзе таксама разгледзець і пытанні паставак газу”, — цытавала інфармагенцтва міністра замежных спраў Літвы.