Створаны штаб для абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах
Штаб для правядзення працэдуры «Народнага галасавання» (праймерыз) створаны 3 лютага. Яго каардынатарам стаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Нагадаем, што прадстаўнікі пяці палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыі БНФ) правялі 27 студзеня супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты.
Штаб будзе складацца з інфармацыйнага, арганізацыйнага, аналітычнага і кантрольнага аддзелаў. Ад сёння — 3 лютага — пачынаецца прыём заявак ад патэнцыйных кандыдатаў, якія жадаюць пазмагацца за званне «адзінага» ад дэмакратычных сіл.
Прыём заявак скончваецца 16 лютага у 23:59 па менскім часе. Дакументы для прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ад партый і іншых палітычных структураў: выпіска з пратакола цэнтральных органаў, заява аб жаданні прыняць удзел у вылучэнні, падпісанае пагадненне з прэтэндэнтам, а таксама эквівалент 500 еўра па курсу Нацбанка на момант падачы заяўкі.
Дакументы для прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў наступныя: 200 подпісаў (сабраныя на паперы мусяць утрымліваць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, месца рэгістрацыі, кантактыны тэлефон (е-мэйл), дату подпіс; сабраныя анлайн подпісы мусяць утрымліваць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, месца рэгістрацыі, кантактны тэлефон і е-мэйл), заява аб жаданні прыняць удзел у вылучэнні, падпісанае пагадненне з прэтэндэнтам, а таксама эквівалент 500 еўра па курсу Нацбанка на момант падачы заяўкі.
Дакументы перадаюцца каардынатару штаба Ігару Барысаву (кантакты: +375 29 743 51 52, [email protected]).
Беларускае Радыё Рацыя