Паслом ЗША ў Беларусі можа быць прызначаная вопытны дыпламат



Паслом ЗША ў Беларусі «можа быць прызначаная вопытны дыпламат» Джулі Фішэр, паведамляе са спасылкай на свае крыніцы ў беларускіх палітычных колах амерыканскі часопіс Foreign Policy.

Цяпер Фішэр займае пасаду памочніка дзяржсакратара ЗША па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе. Да гэтага яна была намеснікам кіраўніка пастаяннай місіі ЗША пры НАТА, а таксама працавала ў амерыканскіх пасольствах ва Украіне, Грузіі і Расеі.

Калі прэзідэнт ЗША прызначыць Фішэр паслом, яе кандыдатуру павінен будзе ўхваліць сенат. Пасол ЗША ў Беларусі будзе прызначаны пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку, адзначае Foreign Policy.

Пра гатоўнасць ЗША найбліжэйшым часам прызначыць пасла ў Беларусь заявіў дзяржсакратар Майкл Пампеа 1 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Што тычыцца пасла, хутчэй за ўсё, гэта будзе найбліжэйшым часам, – сказаў ён. – Мы зрабілі шмат прасоўванняў у гэтым пытанні і спадзяемся, што не так шмат часу пройдзе да таго, як мы прызначым пасла. Дыпламатычныя адносіны палепшыліся, колькасць дыпламатаў амаль падвоілася. Гэта ўжо карысна для ЗША і Беларусі».

Пасольства ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Паводле патрабавання беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

У 2019 годзе Менск афіцыйна апавясціў Вашынгтон пра адмену абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося 4 сакавіка на сустрэчы Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.

17 верасня намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў пра тое, што Беларусь і Злучаныя Штаты прынялі рашэнне пра аднаўленне дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.

 БелаПАН