Мясніковіч назваў прыярытэты працы ЕЭК



Міхаіл Мясніковіч, які 1 лютага пачаў выконваць абавязкі старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), абазначыў прыярытэты сваёй працы ў камісіі.

„Па-першае, як і прадугледжана дамовай аб саюзе і рашэннямі кіраўнікоў дзяржаў саюза, да 2025 года неабходна сфарміраваць агульныя рынкі, якія будуць рэальна працаваць. Мы павінны быць аб’ектыўныя — цяпер патрэбныя больш эфектыўныя меры ў гэтым кірунку”, — прыводзіць прэс-служба ЕЭК словы Мясніковіча на пасяджэнні камісіі.

Другая задача, якую ён назваў, дапрацоўка стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года і вынясенне дакумента на пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Кіраўнік Калегіі ЕЭК нагадаў, што ў гэтай працы неабходна ўлічыць зварот Аляксандра Лукашэнкі, які старшынюе ў 2020 годзе ў ВЕЭС, а таксама прааналізаваць паўнату выканання іншых даручэнняў кіраўнікоў дзяржаў саюза.Трэцяя задача — рост міжнароднага аўтарытэту саюза. „Нам трэба будзе садзейнічаць таму, каб істотна павялічыць удзельную вагу Еўразійскага эканамічнага саюза ў сусветным ВУП, міжнародным гандлі. Гэтыя паказчыкі цяпер досыць сціплыя. Узровень спалучэння ЕАЭС і глабальнай кітайскай ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях”, напрыклад, недастатковы, — заявіў Мясніковіч. — Неабходна прыняць шэраг рашэнняў па ўмацаванні міжнароднай правасуб’ектнасці нашай арганізацыі. Упэўнены, што Еўразійскі эканамічны саюз ужо ў найбліжэйшай перспектыве стане эфектыўным міжнародным аб’яднаннем, думку якога як цэнтра эканамічнай сілы будуць паважаць у свеце”.

Чацвёртая задача, паводле слоў Мясніковіча, заключаецца ў забеспячэнні выгод для краін саюза ад узаемнага гандлю. Не зжытыя выпадкі ўвядзення краінамі новых перашкод, і задача камісіі — удасканальваць механізмы маніторынгу права саюза і паўнавартасна праводзіць яго. „Мы абавязаны рыхтаваць пераканаўчыя матэрыялы пра праблемы і страты, якiя ствараюцца гэтымі перашкодамі і аднабаковымі рашэннямі краін-удзельніц, якія ідуць насуперак правілам унутранага гандлю. Патрэбна сістэмная сувязь з бізнесам краін — удзельніц саюза і замежнымі партнёрамі. Так мы ўмацуем давер да інтэграцыі ў цэлым”, — сказаў кіраўнік Калегіі ЕЭК.

Мясніковіч падкрэсліў, што „апорным эфектыўным каркасам саюза павінна быць агульная інфраструктурная платформа, уключаючы транспарт, паліўна-энергетычны комплекс”. Саюз будзе стабільна развівацца ў тым выпадку, калі будуць стварацца сумесныя кааперацыйныя праекты і прадпрыемствы, у тым ліку еўразійскія транснацыянальныя кампаніі.

Акрамя таго, Мясніковіч звярнуў увагу на праблемныя пытанні. У прыватнасці, выказаў занепакоенасць у сувязі з сістэмай маркіроўкі тавараў і ўвозам тавараў з парушэннямі, у тым ліку ў частцы льготнага прымянення пошлін. Ён даручыў прааналізаваць гэтыя пытанні і ў найбліжэйшы час далажыць на калегіі.

„Я прыйшоў працаваць у калегію з настроем на выкананне ключавых задач інтэграцыі. Мы ў сваіх дзеяннях павінны быць актыўныя і пераканаўчыя”, — падсумаваў Мясніковіч.

Еўразійская эканамічная камісія, пастаянна дзейны наднацыянальны рэгулюючы орган Еўразійскага эканамічнага саюза, пачала працу 2 лютага 2012 года. У ЕЭК уваходзяць прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расеі. Рашэнні камісіі абавязковыя для выканання ў краінах ЕАЭС.

belapan.by