Берасце чакае трыянале экслібрыса і формаў малой графікі
Завершыўся прыём конкурсных прац і вызначына дакладная дата правядзення ў Берасці ІІІ Міжнароднай выставы экслібрыса і формаў малой графікі, якая мае фармат трыянале. Мерапрыемства адбудзецца ў межах агульнабеларускай акцыі “Берасце – культурная сталіца”.
Аўтар праекта – мастак-графік, сябра Беларускага саюзу мастакоў і міжнароднай арганізацыі «Unima» Аляксандр Грыгор’еў паведаміў, чаму абраў месцам правядзення выставы горад над Бугам:
– У Менску і так дастаткова шмат праходзіць выстаў – біяналі, трыяналі, асабліва ў апошні час ажывіліся міжнародныя конкурсы, але гэта Менск. Мастакі на перыферыі крыху пакрыўджаны. У нас у Берасцейскай вобласці чагосьці падобнага не было. І таму хацелася зрабіць у сябе дома штосьці адметнае – сур’ёзную міжнародную выставу.
Вызначана ўзнагарода для трох пераможцаў: першае месца – 1000 даляраў ЗША, другое месца – 800 даляраў ЗША і адпаведна трэцяе месца – 500 даляраў ЗША. Як паказвае практыка, у мінулыя гады ў выставе бралі ўдзел мастакі з 30 краін свету.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота virtual.brest.by