Рэха візіту Майкла Пампеа



Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа пабыў у Беларусі ўсяго некалькі гадзінаў. За гэты час ён паспеў сустрэцца з кіраўнікамі беларускай дзяржавы, наведаць Парк высокіх тэхналогій, паразмаўляць з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. І пакінуць некалькі аптымістычных паведамленняў у твітары.

А вось дэмакратычныя палітыкі, якія разлічвалі на сустрэчу з высокім госцем, пакамунікаваць з адным з найбольш уплывовых палітыкаў ЗША так і не змаглі. Старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў па заканчэнні візіту Майкла Пампеа напісаў у Фэйсбуку: “Сустрэча дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэа з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці – гэта пра правы чалавека, а не пра дэмакратыю.” У гэтым допісе, відавочна, можна прачытаць расчараванне палітыка тым, што адна з вядучых дзяржаваў у свеце, якая сябе пазіцыянуе менавіта абаронцам дэмакратыі ў сусветным маштабе, адышла ад каштоўнаснага падыходу падчас камунікацыі з прадстаўнікамі Беларусі. Зрэшты, такі закід толькі часткова адпавядае рэчаіснасці, паколькі тыя чатыры грамадскія дзеячы, якія мелі магчымасць паразмаўляць з Майклам Пампеа, – асобы вядомыя ў Беларусі менавіта як абаронцы грамадска-палітычных правоў грамадзянаў. Кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, экс-дэпутатка Алена Анісім, дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту Алег Гулак усё-такі данеслі амерыканскаму чыноўніку асноўныя месіджы пра парушэнні грамадскіх і палітычных правоў жыхароў Беларусі. А Майкл Пампеа, сваёй чаргой, пацвердзіў адданасць ЗША прынцыпу павагі да правоў чалавека.

З іншага боку, сустрэча з лідарамі грамадзянскай супольнасці Беларусі для Майкла Пампеа можа быць цалкам сабе дзяжурным крокам, каб мінімізаваць магчымыя рэпутацыйныя страты ад сустрэчы з прэзідэнтам краіны, якога да нядаўняга часу ў заходняй прэсе называлі няйначай як “апошнім дыктатарам Еўропы”. Па вяртанні ў ЗША, калі дэмакратычная прэса пачне крытыкаваць прэзідэнцкую адміністрацыю Дональда Трампа за адсутнасць прынцыпаў у дачыненнях з аўтакратам Лукашэнкам, заўжды можна ўказаць на тое, што дзяржсакратар сустракаўся ў тым ліку і з апанентамі беларускай улады.

Разам з тым, адсутнасць у праграме дзяржсакратара пункта “сустрэча з апазіцыйнымі палітыкамі” сведчыць пра тое, што ЗША істотна падкарэктавалі сваю лінію дачыненняў з Беларуссю, схіляецца да прагматычнага прынцыпу Realpolitik. Вашынгтон не хоча кантактаваць з асобамі, якія не прадстаўляюць шырокіх колаў беларускага грамадства, не ўзначальваюць шматлюдныя пратэстныя і палітычныя арганізацыі. Ва ўмовах выбарчага году ў Беларусі такая асцярожная пазіцыя ЗША паказвае, што Белы Дом у цэлым быў бы задаволены цяперашняй палітычнай сітуацыяй, калі Менск дыстанцуецца ад Масквы і пры гэтым не пагаршае істотна паказнікі ў сферы правоў чалавека.

Ці можна лічыць візіт Майкла Пампеа азнаямляльным, які не прынёс істотных эфектаў? Нягледзячы на падобныя заявы некаторых палітычных аналітыкаў, гатоўнасць ЗША аператыўна аднавіць паўнавартасную дзейнасць амерыканскай амбасады ў Беларусі (у сеціве нават фігуруе прозвішча імавернага пасла) ёсць дакладнай ілюстрацыяй сур’ёзнасці намераў Белага Дому. Выглядае на тое, што пацяпленне стасункаў Беларусі і ЗША паўплывала на ўзмацненне пазіцый афіцыйнага Менску на перамовах з Масквой. Гэта заўважна па нервовай рэакцыі пракрамлёўскіх СМІ, а таксама па тым, як хутка расейскае кіраўніцтва пагадзілася на сустрэчу са сваім беларускім візаві, якая мае адбыцца 7 лютага. То бок, нават спроба перайсці да рэальнай шматвектарнасці ў знешняй палітыцы пачала прыносіць афіцыйнаму Менску дывідэнды.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ