Аналітык: Некаторыя расейскія СМІ вядуць адкрытую інфармацыйную вайну



Апошнім часам Беларусь падверглася амаль гістэрычнай атацы з боку некаторых расейскіх СМІ, пераважна электронных. У матэрыялах на гэтых сайтах сцвярджалася, што Беларусь бярэ курс на жорсткую беларусізацыю і нібыта ў краіне з гэтай прычыны нарастае грамадская напружанасць.

Паводле аналітыка Аляксандра Сінкевіча, гэта маргінальныя расейскія СМІ, але не трэба выключаць, што ў самой Расеі ёсць сілы з адпаведнымі поглядамі:

– Такія даволі адыёзныя выданні як “Спутнік і пагром”, інфармацыйнае агенства “Рэгнум” і яшчэ некалькі выданняў. Гэтыя інфармацыйныя рэсурсы ў самой Расеі ўспрымаюцца як маргінальныя, яны не задаюць стратэгічны тон Крамля, але гэта адзін з галасоў на палітычным полі Расеі. Проста ён вельмі і вельмі крыклівы, чарнасоценны, як сказаў Лукашэнка. Сказаць, што гэта будзе паноўнай стратэгіяй усёй Расейскай Федэрацыі не выпадае.

У самой Расеі ідзе змаганне паміж рознымі палітычнымі сіламі. І ў гэтай барацьбе выкарыстоўваюцца самыя брудныя метады. І сёння, на фоне ўкраінскіх падзей, некаторыя расейскія палітычныя сілы сталі надзвычай адыёзнымі, – адзначыў беларускі аналітык.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя