Ігумення Гаўрыіла заклікала маліцца за Лукашэнку і Краўцова



У Менскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах Слонімскага раёна адбылася прэзентацыя кнігі ігуменні Гаўрыілы (Глухавай) «Всерадостное заступление Белой Руси».

Кніга прысвечана гісторыі Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра. Прадмовы да кнігі напісалі мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт і архіяпіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый.

Кніга напісана проста і зразумела, вельмі добра аздоблена фотаздымкамі і рознымі дакументамі, прыгожы дызайн. Але каб сказаць, што ігумення Гаўрыіла нешта новае ў ёй адкрыла ці знайшла ў архівах па гісторыі манастыра, то гэтага ў ёй няма. Да чытачоў данесены ўсе раней вядомыя гістарычныя факты, асабліва для тых, хто цікавіцца гісторыяй Жыровіцкага манастыра. Чытаючы ці прачытаўшы кнігу Глухавай, здзіўляешся, а дзе гэта знаходзіцца Жыровіцкі манастыр? Нібыта ён не ў Рэспубліцы Беларусь, а дзесьці ў Тамбоўскай ці Іркуцкай абласцях Расеі. Ніводнага слова няма пра Беларусь ці Рэспубліку Беларусь, замест іх аўтарка ўжывае толькі Белая Русь ці руская праваслаўная царква. Вельмі асцярожна, адным абзацам аўтарка згадала пра ўніяцкую місію ў Альбярціне ў 1924-1942 гадах, дзе «наряду с русским языком использовали белорусский как во время проповеди, так и при воспитании молодёжи». Не згадала зусім аўтарка пра архімандрыта Філафея (Уладзіміра Нарко), які Саборам епіскапаў быў прызначаны сябрам Царкоўнага кіраўніцтва ў Жыровічах і хіратанізаваны ў епіскапа Слуцкага, другога вікарыя мітрапаліта з месцазнаходжаннем у Менску. Хіратонію праводзіў мітрапаліт Панцеляймон пры ўдзеле епіскапа Берасцейскага Венядзікта. Дык Глухава Панцеляймона прыгадвае, што ён «стойко боролся за чистоту Православной Церкви от посягательств на неё со стороны белорусских националистов, желавших при помощи немецкого руководства провозгласить автокефалию Белорусской Церкви…». А пра Філафея няма, бо Філафей быў за аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы, а Панцеляймон быў зацятым прыхільнікам Маскоўскай Патрыярхіі. І месца ў кнізе Філафею не знайшлося… І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Хаця кніга ўсё ж прысвечана гісторыі Жыровіцкага манастыра, а не праваслаўнай місіі ў Жыровічах…

Падчас прэзентацыі спадарыня Глухава вельмі прасіла ўсіх маліцца за нашага прэзідэнта і за старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова. У кнізе нават змешчаны рэдкі здымак Аляксандра Лукашэнкі ў Жыровічах разам з ранейшым старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандрам Дубко і мітрапалітам Філарэтам 20 траўня 1996 года. Дарэчы, наклад кнігі ігуменні Гаўрыілы 8000 асобнікаў у мяккай вокладцы, 5000 – у цвёрдай, плюс яшчэ – надрукавана яна і як падарункавая.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара