На некаторых запраўках „Лукойла” ўводзяць абмежаванні на продаж паліва



На шэрагу рэгіянальных заправак „Лукойла” ўведзены ліміты на куплю паліва.

Пра гэта TUT.by паведамілі чытачы і пацвердзілі на некаторых АЗС.

На АЗС № 21 „Лукойла” ў Берасці расказалі, што дызельнае паліва прадаецца не больш як 100 літраў у адны рукі. Прычым абмежаванне ўведзенае і для легкавога, і для грузавога транспарту. Увядзенне нарматыву патлумачылі тым, што паліва не хапае на ўсе запраўкі. 

Аналагічную інфармацыю паведамілі і на АЗС № 22 «Лукойла» ў Берасці, а таксама на запраўцы № 17 у Баранавічах.

Аднак на запраўках „Лукойла” ў Менску, Бабруйску, Гародні, Салігорску і Віцебску інфармацыю пра абмежаванні абверглі. 

Паводле непацверджанай інфармацыі, беларускія НПЗ у Мазыры і Наваполацку адмаўляюць у пастаўках паліва тым сеткам АЗС, якімі валодаюць расейскія нафтавыя кампаніі. Нагадаем, што з 1 студзеня расейскія кампаніі „Лукойл”, „Раснафта”, „Газпрам нафта” і „Татнафта” адмовіліся пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі.