Зміцер Бартосік: Зараз я засяродзіўся выключна на Маладэчанскай вобласці



Падарожжы па Беларусі вядомага барда і радыёжурналіста Змітра Бартосіка працягваюцца. Але цяпер ён падарожнічае выключна па Маладэчыншчыне. На Радыё Свабода Зміцер Бартосік пачаў новы вандроўны праект.

– Зараз я засяродзіўся выключна на Маладэчанскай вобласці. Мне ў рукі трапіў архіў, які ў свой час выпадкова здабыў гісторык Міхась Чарняўскі, – гэта архіў Маладэчанскага абласнога суду – крымінальныя справы 1944 – 1959 гадоў.

Маладэчанская вобласць існавала з 1944 па 1960 год. Па вайне гэта быў адзін з найбольш нацыянальна арыентаваных рэгіёнаў Беларусі. Таму ў Маладэчанскім абласным судзе разглядалася шмат спраў за беларускі нацыяналізм.

– Архіў, дзе шмат антысавецкіх спраў, шмат спраў па 72-м антысавецкім артыкуле пра контрревалюцыйную прапаганду. Шмат бандытызму. І вось я гэтым зараз займаюся, спрабую знайсці ў сённяшнім дні водгукі тых крымінальных спраў.

Зміцер Бартосік аўтар двух зборнікаў радыёрэпартажаў “Быў у пана верабейка гаварушчы” і “Клініка кітайскага дантыста”. За першы з іх ён атрымаў літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя