Тызенгаўз вяртаецца ў Гародню ў выглядзе кавы



Гарадзенцы абралі назву для кавы, якая мусіць зацікавіць турыстаў як брэндавы напой у кавярнях горада. Была абрана назва «Тызенгаўз».

Якім чынам адбывалася галасаванне і чаму менавіта абрана гэтая назва распавядае Аляксей Шота, рэдактар Hrodna.life:

– Мы запусцілі анлайн галасаванне, атрымалі 120 розных прапановаў, праўда некаторыя паўтараліся, але 120 чалавек прапанавалі нам свае варыянты. Мы з нашай кавай і з экспертамі, гэта гісторыкі Алесь Белы, які займаецца менавіта тэмай ежы і напояў, і Андрэй Вашкевіч з Гародні, выбралі 9 ці 10 найбольш сэнсоўных варыянтаў і выставілі іх на агульнае галасаванне. Перамог Тызенгаўз, што цалкам лагічна, бо ён стварыў у Гародні першую кавярню, ад яго пачалася культура піцця кавы.

Як кажа Зміцер Захарка, уладальнік адной з гарадзенскіх кавярняў, турысту трэба будзе тлумачыць, чаму абрана такая назва:

– На мой погляд, нам, каб прадаць гэтую каву, трэба будзе яшчэ і пастарацца распавесці турысту, патэнцыйнаму пакупніку хто такі Тызенгаўз і што ён зрабіў, у прыватнасці для развіцця гарадзенскай кававай культуры. Прыйдзецца трошкі распавесці, але такую назву выбралі гарадзенцы. Напэўна, гэта будзе месціцца на этыкетцы пакунка кавы.

Кава пад назваю «Тызенгаўз» з’явіцца ў кавярнях Гародні цягам бліжэйшага месяца.

Беларускае Радыё Рацыя