У мінулым годзе Беларусь экспартавала прадуктаў на 5,5 млрд. даляраў



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў кіраўнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў.

– Нам удалося павялічыць экспарт беларускага харчавання на 4,5% да ўзроўню 2018 года і выйсці на лічбу 5,5 мільярда даляраў ЗША, што на 239 мільёнаў даляраў больш чым у 2018 годзе. Самі разумееце, што сёння кожны даляр, кожны рубель вельмі важны для эканомікі нашай краіны, і мы тут сапраўды добра папрацавалі.

У гэтым годзе Мінсельгасхарч плануе экспартаваць прадуктаў на 5,7 млрд даляраў.

Галоўныя пакупнікі беларускага харчавання гэта: краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу – 84,7%, краіны далёкага замежжа – 10,9%, на долю Еўразвязу прыпадае толькі 4,4% беларускага харчовага экспарту.

У мінулым годзе рынак збыту беларускага харчавання пашырыўся на 18 краін, паведаміў Аляксей Багданаў.

– Мы дасягнулі 104 краін свету за 2019 год, куды экспартаваліся беларускія харчовыя тавары. У 2019 годзе адкрылі і 18 новых рынкаў – 18 новых краін, куды пастаўляліся нашыя тавары. Сярод іх – Аўганістан, Ангола, Бенін, Буркіна-Фасо, Гвінея, Кенія, Маўрытанія, Мазамбік, Нігер, Судан, Уганда, Беліз, Куба, Уругвай. З Еўрапейскага звязу – гэта Люксембург і Фінлядныя. А таксама такія краіны, як Албанія і Боснія і Герцагавіна.  

У азіяцкія і афрыканскія краіны Беларусь экспартуе галоўным чынам сухое малако, малочныя кансервы, на Балканы – цукар і бульбу, Уругвай купляе беларускую гарэлку, а Фінляндыя – футравую сыравіну.

Беларускае Радыё Рацыя