Рэкорднае зніжэнне прарасейскіх настрояў



Беларускі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прадставіў цікавую статыстыку. З матэрыяла, апублікаванага на сайце тэлеканала “Белсат”, вынікае, што агульнанацыянальнае сацыялагічнае даследаванне праводзілася ў снежні 2019 году сярод рэспандэнтаў рознага ўзросту, полу, жыхароў усіх рэгіёнаў, гарадскіх і вяскоўцаў. Фокусам даследавання былі геапалітычныя арыентацыі беларусаў. Прадстаўленыя сацыёлагам вынікі можна назваць калі не сенсацыйнымі, то яўна ўражвальнымі – цягам 2019 году колькасць прыхільнікаў саюза з Расеяй знізілася з 60% да 40%. У той жа час каля 32% беларусаў выступаюць за еўрапейскі выбар. Паводле Андрэя Вардамацкага, трэнд на зніжэнне прарасейскіх настрояў цяжка будзе пераламіць. Сацыёлаг выказвае здагадку, што зніжэнне колькасці сімпатыкаў Расеі ў Беларусі звязанае найперш з медыйным фактарам.

Сапраўды ўвесь канец 2019 года ў незалежных і дзяржаўных СМІ прайшоў пад знакам выкрыцця падступных намераў Крамля і артыкуляцыі пытання неабходнасці захавання незалежнасці краіны. Такая актыўнасць беларускіх СМІ была своеасаблівым адказам на выказванні шэрагу расейскіх высокапастаўленых асобаў, у якіх прасочвалася яўная непавага да суверэнітэту Беларусі, а таксама на кулуарныя перамовы ўрадаў дзвюх краінаў па пытаннях “паглыбленай інтэграцыі”. Не апошнюю ролю ў змяненні настрояў беларусаў таксама адыгрывае агрэсіўны імідж пуцінскай РФ, якая ўдзельнічае адначасова ў некалькіх вайсковых канфліктах і з’яўляецца крыніцай напружання ў нашым рэгіёне.

Няма сумневу, на стаўленне да інтэграцыі з РФ таксама паўплывалі нафта-газавыя спрэчкі. Цалкам магчыма, што тэктанічны зрух у масавай свядомасці адбыўся ў выніку сінхранізацыі высілкаў як дзяржаўнай прапагандысцкай машыны, так і незалежных інфармацыйных актараў.

Варта зазначыць, што вынікам расейска-беларускай канфрантацыі ў медыйнай сферы сталіся некалькі масавых акцый пратэсту. Нягледзячы на тое, што колькасць пратэстоўцаў там была параўнальна невялікая – па розных падліках да 3 тысяч чалавек, пратэсты ў падтрымку незалежнасці знаходзіліся ў цэнтры ўвагі палітычна актыўнай часткі грамадства, шырока асвятляліся ў СМІ.

Не менш займальнай з’яўляецца дыяграма, на якой прадстаўленыя вынікі апытання рэспандэнтаў адносна характару дачыненняў Беларусі і Расеі. Самы аптымістычны момант – прыхільнікаў уваходжання ў склад Расеі на правах суб’екта федэрацыі ў Беларусі трошкі больш за статыстычную пагрэшнасць (3,7%). Аб’яднацца ў Саюзную дзяржаву з роўнымі правамі гатовыя каля 13%. Амаль 75% рэспандэнтаў выступаюць за статус-кво, то бок заставацца незалежнай дзяржавай пры адкрытых межах і адсутнасці мытнага рэжыму. І апошняя лічба: амаль 7% беларусаў лічаць неабходным закрыць межы і ўсталяваць візавы рэжым дачыненняў з РФ. То бок, калі супрацьпаставіць дзве скрайнія пазіцыі (уваходжанне ў склад РФ і закрыццё межаў), то колькасць апанентаў паглынання Беларусі большая ўдвая. Разам з тым, абсалютная большасць у беларускім грамадстве прытрымліваецца стрыманай пазіцыі, якая палягае на непахіснасці незалежнасці Беларусі і сяброўскім стаўленні да РФ.  

Калі дапусціць, што дадзеныя гэтага сацыялагічнага даследавання адлюстроўваюць рэальныя настроі сярод беларусаў, то можна зрабіць аптымістычную выснову пра будучыню беларускае дзяржавы. Большасць грамадзянаў адчуваюць сябе камфортна ў сваёй дзяржаве, не хочуць мяняць беларускага вераб’я ў руках на расейскага жорава ў небе.   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ