“Класіка і этнамадэрн” Віктара Маркаўца ў Нацыянальным музеі
4 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася персанальная выстава Віктара Маркаўца “Класіка і этнамадэрн”. У экспазіцыі прадстаўлена каля 30 жывапісных твораў мастака.
Віктар Маркавец (1947–2013) належыць да тых айчынных мастакоў і дзеячаў мастацтва, заахвочвальным матывам творчасці якіх была цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры, фарміравання, развіцця нацыянальнага стылю. Партрэт, пейзаж, нацюрморт, карціна – ва ўсіх жанрах станковага жывапісу Віктар Маркавец стварыў выдатныя творы, сказаў сваё, часам унікальнае, слова. Але гэтымі рамкамі яго творчасць не абмяжоўвалася. Майстар пакінуў яркі след і ў галіне адроджанага традыцыйнага народнага маляванага дывана, так званай “маляванкі”, напісаўшы немалую колькасць разнапланавых работ падобнага кшталту на мяжы традыцыйнага і прафесійнага, станковага і прыкладнога мастацтваў.
Незвычайным вопытам злучэння філасофскай думкі і станковага жывапісу з’яўляецца шэраг праектаў Віктара Маркаўца і Алеся Разанава пачатку 1990-х гадоў.
Вянчае разнастайныя праявы мастацкага, паэтычнага, педагагічнага дару Віктара Маркаўца работа па роспісе цэркваў у Докшыцах, вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна, старажытным Заслаўі, дзе майстар пражыў апошнія 25 гадоў.
Выстава будзе працаваць да 15 сакавіка 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя