Кампанія Гуцарыева ў лютым павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь



Нафтавыя кампаніі расейскай групы „Сафмар” бізнесмена Міхаіла Гуцарыева паставяць у Беларусь у лютым каля 450 тысяч тон нафты.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік кампаніі, 100 тысяч тон плануецца паставіць па чыгунцы, 350 тысяч — па нафтаправодзе.

„Каля ста тысяч ужо паставілі”, — удакладніў ён.

Прадстаўнік „Сафмара” таксама паведаміў, што пастаўкі ў Беларусь нафты ажыццяўляюцца з прэміяй да цаны.

Раней „Сафмар” планаваў паставіць у Беларусь 250 тысяч тон нафты ў лютым, але Мінэнерга Расеі „ўзгадніла павелічэнне паставак”. У студзені кампанія паставіла ў Беларусь 500 тысяч тон нафты.

Цяпер група кампаній „Сафмар” блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Міхаіла Гуцарыева з’яўляецца адзіным пастаўшчыком вуглевадароднай расейскай сыравіны ў Беларусь. З 1 студзеня Расея не прадае Беларусі нафту з-за рознагалоссяў па цане. У Расеі, паводле слоў Лукашэнкі, настойваюць на прэміі да цаны нафты ў 15-16 даляраў за тону. У Беларусі не згодныя з такімі ўмовамі паставак.

У сітуацыі, якая склалася, беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць на мінімальнай загрузцы. Яны перапрацоўваюць ад 16 да 20 тысяч тон нафты ў суткі і ў першую чаргу забяспечваюць палівам унутраны рынак.

7 лютага чакаецца чарговы раўнд перамоў Лукашэнкі і Пуціна па пытаннях пастаўкі расейскіх энерганосьбітаў у Беларусь.

6 лютага дэлегацыя канцэрна „Белнафтахім” правядзе перамовы ў Казахстане аб пастаўках бяспошліннай нафты.

belapan.by