Пінскіх запалак як турыстычнага сувеніра не будзе



«Пінскдрэў» праігнараваў прапанову грамадскасці. Напачатку студзеня грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» накіравала ліст адміністрацыі холдынгу з прапановай захаваць пінскія запалкі ў невялікім аб’ёме, як турыстычны сувенір. Ініцыятыва засталася без адказу.

Краязнаўца Эдвард Злобін кажа, што такія прадпрыемствы, як «Пінскдрэў», рэальна маглі б заняць сваю нішу ў турызме:

– На самой справе ў апошні час з развіццём турызму і разнастайных экскурсійных праграм і праектаў у нашых грамадзянаў выклікае інтарэс сама вытворчасць. Людзі цікавяцца гэтым, а тым больш, калі гэта нейкая старая вытворчасць, дзе захоўваюцца старыя станкі. І ад пачатку цыклу можна было б арганізаваць нейкую музейную экспазіцыю.

Нагадаем, што з канца снежня 2019 года «Пінскдрэў» прыпыніў вытворчасць запалак з-за нерэнтабельнасці на рынку. Пінскія запалкі выраблялі амаль 130 гадоў, і гэта быў сапраўдны прамысловы брэнд горада над Пінай.

Беларускае Радыё Рацыя