Заснавальнік тэлеграм-канала Nexta плануе зарэгістраваць яго ў Польшчы



Заснавальнік тэлеграм-канал Nexta Сцяпан Пуціла плануе афіцыйна зарэгістраваць яго ў Польшчы. Пра гэта Пуціла паведаміў у каментары БелаПАН.

На дадзены момант Nexta з’яўляецца самым папулярным телеграм-каналам у Беларусі, на яго падпісана больш за 200.000 карыстальнікаў. І, як паведамілі 5 лютага яго аўтары, рэдакцыя плануе пашырэнне канала і перафарматаванне яго ў „паўнавартасны медыяпраект”, але без цэнтралізаванага сайта.

Паводле слоў Пуцілы, на гэты момант праходзіць абмеркаванне з юрыстамі, у якой форме праводзіць рэгістрацыю — як СМІ, грамадская арганізацыя або ў іншай форме. Мяркуецца, што рэгістрацыя адбудзецца не раней чым праз месяц.

Працай над кантэнтам канала зоймецца беларускі журналіст Раман Пратасевіч, які 22 студзеня папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

Як сказаў Пратасевіч БелаПАН, пад пераходам у СМІ маецца на ўвазе не столькі афіцыйная рэгістрацыя, колькі развіццё, а таксама адыход ад брэнда аднаго чалавека і ад паняцця блога. „Па сутнасці я займаю ролю галоўнага рэдактара, буду займацца тэкставымі пляцоўкамі. Сцяпан засяродзіцца на відэапраекце, youtube і гэтак далей”, — патлумачыў Пратасевіч.

Паводле яго слоў, цяпер ідзе праца над новымі рубрыкамі, зносінамі з крыніцамі працягне займацца Пуціла.

„Зносіны з крыніцамі застануцца на Сцяпане, таму што гэта пытанне даверу людзей. Наўрад ці людзі будуць дасылаць новаму чалавеку, якога яны не ведаюць, эксклюзіўную інфармацыю. Сцяпан яшчэ будзе доўга асацыявацца з брэндам Nexta. Зносіны будуць на ім, я буду адказваць за праверку, апрацоўку і падачу інфармацыі”, — сказаў Пратасевіч.

Цяпер журналіст чакае атрымання палітычнага прытулку ў Польшчы. „У найбліжэйшыя пару тыдняў мне павінна быць прызначаная дата інтэрв’ю, пасля якога будзе вынесенае канчатковае рашэнне аб даванні прытулку. Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра, і мне выдадуць карту часовага пражывання і пашпарт бежанца”, — адзначыў ён.

Апошнім часам Раман Пратасевіч працаваў на радыёстанцыі „Еўрапейскае радыё для Беларусі”, адкуль звольніўся 1 снежня мінулага года.

Пратасевіч неаднаразова пераследаваўся ў Беларусі. Упершыню ён трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у 2011 годзе за ўдзел у так званых маўклівых акцыях пратэсту. Неўзабаве пасля гэтага юнака адлічылі з Ліцэя БНТУ і пазбавілі прэзідэнцкай прэміі, якой ўзнагароджваюцца таленавітыя навучэнцы. Пасля Пратасевіч затрымліваўся за ўдзел у розных акцыях апазіцыі.

У лістападзе 2019 года Пратасевіч арганізаваў інфармацыйную кампанію падтрымкі і збор сродкаў для аплаты паслуг адваката затрыманага на беларуска-польскай мяжы журналісту Уладзіміру Чудзянцову, якога абвінавацілі ў захоўванні наркотыкаў і спробе іх незаконнага перамяшчэння праз мяжу.

Тлумачачы прычыны ад’езду ў Польшчу, Пратасевіч адзначаў, што пасля абвешчанай кампаніі падтрымкі Чудзянцова стаў заўважаць вакол сябе „нешта дзіўнае”: у яго пачаліся праблемы з сувяззю, каля яго пад’езда сталі з’яўляцца падазроныя машыны. У Польшчу ён ад’язджаў таемна, праз Маскву, выключыўшы тэлефон.

У дачыненні да Чудзянцова таксама распачатая крымінальная справа аб сексуальным гвалце над непаўналетнім.

Фота: скрыншот з відэа