Беларускія хакеісты саступілі Славакіі на турніры Kaufland cup-2020



Беларускія хакеісты саступілі сапернікам са Славакіі на міжнародным турніры Kaufland cup-2020, які стартаваў у Попрадзе з лікам 3:4. У складзе беларускай дружыны  закінутымі шайбамі вызначыліся Аляксандр Паўловіч, Сяргея Багалейша і Ігар Мартынаў. Сёння, 7 лютага, беларуская каманда ў 20.00 па беларускім часе правядзе свой заключны матч на турніры ў Попрадзе супраць алімпійскай зборнай Расеі.

Герасімаў прабіўся ў 1/4 фіналу турніру ў Пуне

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які займае 90-е месца ў сусветным рэйтынгу, стаў чвэрцьфіналістам турніру ў індыйскай Пуне. У 1/8 фіналу беларус перайграў у трохсэтавым паядынку серба Міколу Мілоевіча – 2:6, 6:3, 6:2. У матчы першага раўнда Ягор Герасімаў перамог у двух сэтах італьянца Паола Ларэнці – 6:2, 6:3, а ў гульні за выхад у паўфінал сустрэнецца з прадстаўніком Рэспублікі Карэя Квон Сун Ву, які займае 88-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Чатыры беларускія лёгкаатлеткі выступяць на турніры ў Польшчы

Удзел у чацвёртым этапе міжнароднага турніру World Athletics Indoor Tour, які пройдзе 8 лютага ў польскім Торуні, прымуць чатыры беларускія спартоўкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. У бегу на 60 м з бар’ерамі выступяць Аліна Талай і Эльвіра Герман. Дыстанцыю ў 1500 м пераадолее Дар’я Барысевіч. Свой лепшы вынік у скачках у даўжыню паспрабуе паказаць Анастасія Мірончык-Іванова. На папярэднім этапе World Athletics Indoor Tour ў Дзюсельдорфе Аліна Талай стала чацвёртай. Дар’я Барысевіч размясцілася на пятай пазіцыі выніковага пратаколу. Анастасія Мірончык-Іванова выйграла міжнародны турнір VIACTIV RaceArts ў Бохуме, скокнуўшы на вышыню 6 метраў 71 сантыметр.

«Атлетык» выбіў «Барселону» з Кубка Іспаніі

У матчы 1/4 фіналу Кубка Іспаніі «Атлетык» абыграў «Барселону» з лікам 1:0 і выйшаў у паўфінал. Сустрэча адбылася ў Більбао на стадыёне «Сан-Мамэс». Матч прайшоў з тэрытарыяльнай перавагай «Барселоны», якая валодала мячом 68 працэнтаў часу супраць 32 у суперніка. Па колькасці удараў таксама наперадзе апынуліся каталонцы — 11:8. Адзіны гол быў забіты ў кампенсаваны час другога тайма. Пасля навеса з флангу Іньякі Уільямс выйграў верхавую дуэль і дакладна прабіў галавой. У паўфінале «Атлетык» сустрэнецца з іншым басконскім клубам «Рэалам Сасьедад», які абыграў на «Санцьяга Бернабэу» мадрыдскі «Рэал» з лікам 4:3, прычым па ходу матча «каралеўскі» клуб саступаў з лікам 1:4.

Колькі заплацяць беларускім спартоўцам за перамогу на Алімпіядзе ў Токіо

У Беларусі вызначылі памеры грашовых прызоў спартоўцам за медалі на Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульнях. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

За золата на Алімпіядзе спартоўцы атрымаюць 12 тысяч базавых велічынь (ці каля 150 тысяч даляраў у пераліку), срэбра ацанілі ў амаль  75 тысяч даляраў, бронзу – у 50 тысяч. Летняя Алімпіяда ў 2020 годзе пройдзе ў Токіо.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя