Берасцейскія перавозчыкі могуць сысці з вакзалу ці падвысіць кошты



Больш за два дзясяткі берасцейскіх прыватных пасажырскіх перавозчыкаў сустрэліся з чатырма прадстаўнікамі дзяржаўных транспартных прадпрыемстваў і мясцовага аўтавакзалу.

Нагодаю для сустрэчы сталася пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь №94 ад 6 снежня 2019 года. “І гэта шмат што мяняе”, – лічыць дырэктар адной з фірмаў перавозчыкаў Юрый:

– Мы працавалі шмат гадоў з вакзалам, усіх задавальнялі тарыфныя стаўкі, якія былі ўсталяваныя першапачаткова ўжо многа гадоў. Мы плацілі 15% ад кошту продажу білетаў. Вакзал прадаваў білеты, мы, натуральна, утрымлівалі 15% за свае паслугі. Са снежня 2019 года антыманапольным камітэтам была выдадзена дадатковая пастанова, у якой было прапанавана вакзалам, станцыйным установам з нас яшчэ ўтрымліваць за заезд тры рублі плюс ПДВ – 3.60 за кожны заезд. То бок, шляхам простых разлікаў атрымліваецца, што сума выдаткаў значна павялічваецца. І мы вымушаныя іх выстаўляць пасажыру.

Дыскусія цягнулася больш за гадзіну, дзе бакі, а гэта значыць аўтавакзал і перавозчыкі, прапаноўвалі свае шляхі вырашэння пытання. “На цяперашні момант шмат каму з нас папросту не выгадна будзе вазіць людзей па новых правілах і нам прыйдзецца сыходзіць у так званыя “нерэгулярныя перавозкі”. Будзем звяртацца ў МАРГ за тлумачэннямі і пралічваць мажлівыя страты для цяперашніх правілаў”, – падсумавалі перавозчыкі.

Цалкам рэпартаж у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце