Украіна да мінімуму скароціць імпарт электраэнергіі з Беларусі
Украіна мае намер да мінімуму скараціць імпарт электраэнергіі з Беларусі, заявіў міністр энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны Аляксей Оржаль падчас наведвання шахты «Міжрэчанская» ў Львоўскай вобласці разам з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім.
«Ёсць новы баланс, ён рыхтуецца зараз. Ёсць у нас сістэмны аператар »Укрэнерга«, які павінен [яго] падаць. Была нарада ў 20-х лічбах студзеня, ён (аператар. – БелаПАН.) найбліжэйшым часам падасць баланс, у якім будзе да мінімуму зведзеная магчымасць – толькі ў межах аперацыйнай бяспекі – імпарту электрычнай энергіі з Расеі і Беларусі. Мы максімальна загружаем зараз нашых уласных вытворцаў», – сказаў Оржаль.
Згодна са звесткамі нацыянальнай энергетычнай кампаніі «Укрэнерга», у 2019 годзе з Беларусі імпартавана 851 млн 297 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі. Пастаўкі пачаліся ў ліпені, калі ва Украіне быў лібералізаваны рынак электраэнергіі. У 2014-м, 2015-м і першай палове 2019 года электраэнергія ў Беларусі не закуплялася, а ў 2016–2018 гадах імпарт быў нязначным – адпаведна 1 млн 207 тыс., 1 млн 83 тыс. і 1 млн 188 тыс. кВт·гадз. «Укрэнерга» не называе суму, заплачаную за беларускую электраэнергію летась. Паводле інфармацыі дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга», без уліку снежня электраэнергіі было прададзена Украіне на 42 млн 745 тыс. долараў (803,9 млн кВт·гадз).
19 снежня 2019 года генеральны дырэктар «Белэнерга» Павел Дрозд паведаміў на прэс-канферэнцыі, што, выкарыстоўваючы існыя міждзяржаўныя лініі электраперадачы, Беларусь можа пастаўляць ва Украіну да 6 млрд кВт·гадз электрычнасці за год. Ён адзначыў, што на ўкраінскім рынку электраэнергіі дзейнічаюць новыя правілы, дзякуючы якім Беларусь на ім стала «паспяхова працаваць».