Выпрабаванне беларускай талерантнасці каронавірусам



Успышка каронавіруса ў Кітаі, якая ўнесла жыцці сотняў чалавек, вось ужо пару тыдняў знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ. У адрозненне ад папярэдняга ўсплеску атыпічнай пнеўманіі, якая таксама мела месца ў Кітаі ў пачатку 2000-х гадоў, гэтым разам агульны эфект ад хваробы выклікаў паніку ў глабальным маштабе. Цалкам сабе заканамерная рэакцыя насцярожанасці людзей перад пагрозай невядомай пошасці, для барацьбы з якой яшчэ не выпрацавалі вакцыну, раздзьмулася да планетарнай фобіі. Спрычыніліся да гэтага эфекту сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы сацыяльным сеткам аўтарытарныя ўлады Кітаю не змаглі схаваць інфармацыю пра ачаг і небяспеку новага каронавіруса. Паведамленне акуліста Лі Вэнліяня з гораду Ухань, які напісаў пра некалькі першых выпадкаў атыпічнай пнеўманіі, хутка падхапілі ва ўсім свеце. Дыфузія інфармацыі адбылася з такой хуткасцю, што генеральны сакратар кампартыі Кітая Сі Цзіньпін вымушаны быў прызнаць на ўвесь свет праблему. Негатыўны вынік ад тыражавання інфармацыі пра каронавірус прывёў да таго, што многія сумнеўлівыя грамадзяне сталі ледзьве не штохвілінна сачыць за анлайн-мапай распаўсюду віруса па планеце Зямля. А некаторыя кінуліся ў аптэкі па рэспіратарныя маскі.

У беларускім сегменце сацыяльных сетак таксама ўзняліся інфармацыйныя штормы, звязаныя з каронавірусам. У некаторых выпадках рэакцыя грамадства прыняла яўна дэструктыўны характар. Карыстальнікі сацсетак у шэрагу беларускіх гарадоў пачалі распаўсюджваць чуткі пра выпадкі захворвання каронавірусам сярод кітайскіх студэнтаў, што, сваёй чаргой, спарадзіла агрэсіўнае стаўленне да іншародцаў. Самыя цэнзурныя паведамленні былі сфармуляваныя неяк так: “чаму кітайцаў не ізалююць?”

На сайце petitions.by з’явіліся некалькі зваротаў да Міністэрства аховы здароўя. У гэтых петыцыях адлюстраваліся дзве цікавыя тэндэнцыі. Першая – цалкам адэкватная, адлюстроўвае занепакоенасць грамадзянаў пасіўнасцю беларускіх медыкаў у справе недапушчэння распаўсюду каронавіруса ў Беларусі. Ініцыятары петыцыі пад назвай “Увядзенне абавязковага 14-цідзённага карантына для ўсіх, якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі з Кітая” падышлі да пытання вельмі адэкватна. Бачна, што сярод аўтараў петыцыі былі людзі з медычнай адукацыяй альбо, сама меней, не абышлося без кансультацыі медыкаў. Зварот спасылаецца на свежыя дадзеныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ад 4 лютага 2020 года, дзе зазначаецца, што пакуль рана гаварыць пра ўзровень смяротнасці ад новага віруса, аднак непакоіць хуткасць распаўсюду пошасці ў светавым маштабе. “Нават паказнік смяротнасці ў 1 % будзе азначаць 10.000 смярцей на мільён насельніцтва”, – зазначаецца ў петыцыі. Дзеля недапушчэння пагрозлівай сітуацыі стваральнікі петыцыі заклікаюць змяшчаць людзей, што прыбылі з Кітая, на 14 дзён у карантын. Гэты зварот быў складзены 5 лютага. На дадзены момант пад ім падпісалася трошкі больш за 150 чалавек. Нягледзячы на малую актыўнасць падпісантаў Міністэрства аховы здароўя прыслухалася да гэтай прапановы. Пад Радашкавічамі на базе дзіцячага лагера “Брыгантына” створаная часовая база ізаляцыі грамадзянаў, якія прыбываюць з Кітая.

А вось другая петыцыя адлюстравала зусім іншую тэндэнцыю. У звароце пад назвай “Часовая забарона на ўезд грамадзянам Кітая на тэрыторыю РБ” не прыводзіцца ніякіх рацыянальных аргументаў. Складальнікі лапідарнага тэкста проста патрабуюць забараніць уезд кітайцам праз пагрозу заражэння каронавірусам насельніцтва Беларусі. У адрозненне ад канструктыўнай петыцыі, якая набрала паўтары сотні подпісаў, ксенафобскі тэкст набраў амаль 1400 подпісаў. Па ўзроўні падтрымкі дзвюх петыцый можна скласці меркаванне пра настроі ў беларускім грамадстве. Беларусы, сутыкнуўшыся з гіперрэальнасцю ў сацыяльных медыя, якія раздзьмуваюць паніку, паказалі, што нашая хвалёная талерантнасць – гэта фікцыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ