НАТА звінаваціла Расею ў пераследзе амерыканскіх спадарожнікаў



У НАТА звінавацілі Расею ў пераследзе амерыканскіх касмічных спадарожнікаў. Пра гэта камандуючы Аб’яднанымі збройнымі сілымі НАТА па трансфармацыі генерал Андрэ Ланата заявіў у інтэрв’ю Washington Examiner.

Ён зазначыў, што ў космасе небяспеку для заходніх краін нясуць расейскія і кітайскія апараты, якія знаходзяцца паблізу замежных спадарожнікаў.

Генерал таксама дадаў, што спадарожнік-інспектар, які быў запушчаны Расеяй, рухаецца за разведвальным апаратам ЗША. На яго думку, амерыканскія эксперты не маюць магчымасці яму супрацьдзеіць, а таксама вызначыць яго дакладнае прызначэнне.

Ланата ўдакладніў, што Расея і Кітай маюць намер зламаць сістэмы геалакацыі і камунікацыі, якія выкарыстоўваюць ЗША. Генерал падкрэсліў, што раней касмічная прастора лічылася бяспечнай.

Беларускае Радыё Рацыя

ілюстрацыя tsargrad.tv