Мытнікі адпусцілі апазіцыянераў затрыманых на мяжы (абноўлена)



Прыблізна ў 22.40 8 лютага беларускія мытнікі адпусцілі апазіцыянераў, затрыманых сёння ў пункце пропуску „Новая Гута” на мяжы з Украінай.

Нагадаем, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, каардынатар руху салідарнасці „Разам” Ігар Лялькоў і яшчэ два актывісты апазіцыі былі затрыманыя на беларускай мытні, калі вярталіся з Кіева. Яны ўзялі ўдзел у канферэнцыі „Гібрыдная вайна РФ супраць Беларусі” і VII Бандэраўскіх чытаннях, якія праводзіць недзяржаўны аналітычны цэнтр „Украінскія студыі стратэгічных даследаванняў”. Паводле слоў Кастусёва, увагу беларускіх памежнікаў прыцягнуў спачатку бел-чырвона-белы сцяг на лабавым шкле аўтамабіля, а затым, пры аглядзе рэчаў, — брашуры Бандэраўскіх чытанняў. У выніку аўтамабіль з палітыкамі накіравалі на паглыблены надгляд.

Як паведаміў БелаПАН Кастусёў, іх трымалі на мяжы амаль чатыры з паловай гадзіны. Мытнікі канфіскавалі для экспертызы друкаваную прадукцыю, якую апазіцыянеры везлі з Украіны, у тым ліку праграму Бандэраўскіх чытанняў, кнігу „Помнікі гісторыі Украіны” і дакументы руху салідарнасці „Разам”.

„Даследавалі ўсе нашы асабістыя рэчы, машыну надгледзелі ў боксе, у прыбіральню вадзілі пад наглядам”, — расказаў Кастусёў. Паводле яго слоў, вынікі экспертызы мытнікі абяцалі даслаць па пошце Сяргею Сенцюрову — кіроўцу аўтамабіля, на якім яны вярталіся з Кіева.

„Не папрасілі прабачэння, нічога. Мы пакінулі запіс у кнізе скаргаў і прапаноў — пра такія метады працы памежнікаў і мытнікаў”, — сказаў старшыня Партыі БНФ.

belapan.by