“Спыніць будаўніцтва кадэцкай вучэльні каля полацкай Сафіі!”
На інтэрнэт-пляцоўцы «Зручны горад» з’явілася петыцыя з патрабаваннем спыніць будаўнічыя працы на полацкім Верхнім замку. Каля сцен Сафійскага сабора ў снежні 2019 г. пачалі руйнаваць былы шпітальны гарадок, каб на гэтым месцы збудаваць кадэцкую вучэльню.
“Полацкі Верхні замак – гісторыка культурная каштоўнасць, якая, адпаведна дзейнаму заканадаўству, мае найвышэйшую рэспубліканскую катэгорыю, знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і мае перспектыву стаць помнікам міжнароднай вартасці, адпаведна патрабаванням ЮНЭСКА”, – гаворыцца ў петыцыі. Але “будаўніцтва нясе прамую страту не толькі культурным напластаванням, але і Сафійскаму сабору. Яго сцены літаральна дрыжаць!” – піша адзін са стваральнікаў, гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў.
Пра недапушчальнасць будаўніцтва ён не аднойчы заяўляў у сацыяльных сетках, а 4 студзеня правёў адкрытую лекцыю каля сцен Сафійскага сабора, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу да праблемы. Паводле Сяргея Тарасава, будынкі лякарні савецкага часу, якія пайшлі пад знос, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Але размяшчэнне кадэцкай вучэльні каля агульнабеларускай святыні ён лічыць і шкодным, і недарэчным.
“Патрабуем тэрмінова спыніць усе будаўнічыя працы на Полацкім Верхнім замку, стварыць дзяржаўна-гарамадскую камісію па экспертызе дадзенага праекта, правесці грамадскае абмеркаванне па рэгенерацыі і прыстасаванні Верхняга замка Полацка адпаведна яго гісторыка-культурнай значнасці для гісторыі і дзяржаўнасці нашай краіны”, – сказана ў петыцыі. Праз тыдзень яна будзе накіравана ў Міністэрства культуры, Адміністрацыю прэзыдэнта РБ і Віцебскі аблвыканкам, менш як за два дні зварот падпісалі каля 300 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск