Беларускія плыўцы заваявалі сем медалёў на турніры ў Ніцы



Беларускія спартоўцы заваявалі сем узнагарод на першым этапе турніру па плаванні ў французскай Ніцы.

Золата ў Яўгена Цуркіна на дыстанцыі 50 м батэрфляем, і Аліны Змушко на 50 м брасам. Сярэбраныя ўзнагароды на рахунку Анастасіі Шкурдай (100 м батэрфляем), Яўгена Цуркіна (100 м батэрфляем) і Аліны Змушко (100 м брасам). На трэцяй пазіцыі размясціліся Рыгор Пякарскі (50 м батэрфляем) і Віктар Стаселовіч (50 м на спіне).

Шалімар Тальбі выйшла ў 1/16 фіналу турніру ў Каіры

Прадстаўніца Беларусі Шалімар Тальбі (420-ы нумар рэйтынгу) ВТА прабілася ў 1/16 фіналу турніру ў Каіры. У матчы другога круга кваліфікацыі наша суайчынніца перамагла італьянку Стэфанію Рубіні (305 ВТА) – 7:6 (8:6), 6:4.

Ягор Герасімаў падняўся на 71-е месца ў рэйтынгу АТП

Беларус Ягор Герасімаў падняўся на 71-е месца ў абноўленым рэйтынгу АТП. На мінулым тыдні тэнісіст адыграў у першым у кар’еры фінале турніру АТП у Пуне, дзе саступіў чэху Іржы Веселу. Гэта найвышэйшая пазіцыя для беларускіх тэнісістаў за амаль 13 гадоў – у 2007 годзе Максім Мірны размяшчаўся на 57-м радку. Лідыруе Новак Джокавіч з Сербіі.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка захавала 13-ы радок у абноўленым рэйтынгу ВТА. Лідыруе аўстралійка Эшлі Барці.

Гулец БГК імя Мяшкова Аляксандр Шкурынскі – лепшы левы паўсярэдні 11-га тура Лігі чэмпіёнаў

Расейскі легіянер БГК імя Мяшкова Аляксандр Шкурынскі прызнаны лепшым левым паўсярэднім 11-га тура Лігі чэмпіёнаў. У матчы з „Маторам” (36:33) расеец закінуў 10 мячоў, стаўшы лепшым бамбардзірам сустрэчы.

Яўген Аксенцюк набраў „2+2”, Уладзіслаў Калячонак таксама адзначыўся

„Флінт” на выездзе абыграў „Ошава” ў выязным паядынку рэгулярнага чэмпіянату юніёрскай лігі Антарыё – 5:3. Беларускі форвард гасцей Яўген Аксенцюк закінуў дзве шайбы і аддаў дзве выніковыя перадачы. Аксенцюк падоўжыў сваю дзейсную серыю да васьмі матчаў. Усяго ў „рэгулярцы” беларус набраў 62 (25+37) балы у 46 сустрэчах. Яго партнёр па камандзе Уладзіслаў Калячонак вызначыўся закінутай шайбай. У актыве абаронцы ў гэтым сезоне 30 (11+19) ачкоў у 41 паядынку і паказчык карыснасці „+9”. „Флінт” здабыў рэкордную для сябе дзясятую перамогу запар.

Дар’я Уласава выйграла бронзу турніру па фехтаванні ў Румыніі

Беларуска Дар’я Уласава выйграла бронзу турніру Еўрапейскага кадэцкага цыкла па фехтаванні на рапірах у Румыніі. На папярэдняй стадыі Дар’я Уласава перамагла Эліну Салабаеву з Украіны. Затым берасцейка абыграла венгерку Ганну Шэдар і яшчэ адну ўкраінку Вольгу Калкуціну. У баі за месца ў паўфінале Дар’я Уласава была лепшай за трэцюю прадстаўніцу Украіны Святлану Сапіт. Але ў паўфінале беларуска саступіла румынцы Карыне Васіле. Згодна з рэгламентам турніру Дар’я Уласава стала ўладальніцай бронзы. Карына Васіла ў выніку выйграла спаборніцтвы. Серабро ў францужанкі Алісіі Одзібэр. Другая бронза на рахунку ўкраінкі Анастасіі Ярафеенкі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by