Ураган у Польшчы зламаў дах на лыжнай станцыі, ёсць ахвяры
На гарналыжным курорце Букавіна-Татшаньска (Польшча) моцны вецер сарваў дах будынка пракату лыжаў. Два чалавекі загінулі, паведамляе belta.by, са спасылкай на польскае выданне Wiadomosci.
Трагедыя здарылася сёння каля 11.00 па мясцовым часе. Дах упаў на чатырох чалавек. Дзве жанчыны цяжка траўмаваны, былі праведзены неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак адну з іх выратаваць не ўдалося – яна памерла на месцы. Другая памерла пазней у бальніцы.
Стан яшчэ двух пацярпелых стабільны, яны знаходзяцца пад наглядам медыкаў.
На месцы здарэння працуюць ратавальнікі, медыцынскія службы (у тым ліку тры верталёты паветранай хуткай дапамогі), а таксама пажарныя і паліцэйскія.
Ураган „Сіяра” выклікаў значныя разбурэнні на тэрыторыі Польшчы. Па стане на раніцу 10 лютага без электрычнасці заставалася 55 тыс. спажыўцоў. З-за моцнага ветру адменены некалькі авіярэйсаў у Варшаве, Вроцлаве, Катавіцах і Кракаве, а цягнікі ідуць са значнымі затрымкамі з-за паваленых на рэйкі дрэў. У некалькіх рэгіёнах на поўдні краіны аб’яўлены аранжавы ровень небяспекі з-за ветру. Як чакаецца, ветранае надвор’е з дажджом захаваецца ў Польшчы да 12 лютага.